20 студзеня ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылося экуменічнае набажэнства ў межах Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян.
У малітве, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, прынялі ўдзел прадстаўнікі Рыма-Каталіцкага Касцёла, Грэка-Каталіцкай i Праваслаўнай Цэркваў, Евангелічна-лютэранскай супольнасці, Царквы поўнага Евангелля “Жывое Слова” (пяцідзясятнікі).
Праваслаўную Царкву прадставіў протаіерэй Аляксандр Хомбак, настаяцель храма св. Лукі ў Гродне, Грэка-Каталіцкую Царкву – настаяцель парафіі Маці Божай Фацімскай у Гродне а. Андрэй Крот, Евангелічна-лютэранскyю супольнасць у Гродне – дыякан Юрый Лабоцкі, Царквy поўнага Евангелля “Жывое Слова” – пастар Дзмітрый Малюкевіч.
Жыць у міры між сабой
На пачатку набажэнства біскуп Станеўскі заклікаў вернікаў да супольнай малітвы, каб “панавала еднасць паміж усімі вучнямі Хрыста”. Іерарх нагадаў, што ўсе хрысціяне належаць да адзінай сям’і Божых дзяцей, якія імкнуцца да збаўлення.
“Запрашаю ўсіх вас да малітвы, у адной надзеі, што будзем узрастаць у камуніі з нашым Збаўцам Езусам Хрыстом і з нашымі братамі і сёстрамі, якія імкнуцца да адзінства”, — сказаў біскуп.
У ходзе набажэнства з кароткай прамовай да ўдзельнікаў звярнуліся прадстаўнікі прысутных канфесій.
Айцец Аляксандр Хомбак з Праваслаўнай Царквы ў сваім слове заклікаў усіх да міру і любові. “Давайце будзем жыць у міры між сабой. Заўсёды рабіць тое, што праўдзівае і правільнае. Давайце праслаўляць разам Бога не толькі вуснамі, але і сэрцам. Давайце з любоўю ставіцца да нашых братоў, прыносіць ім любоў”, – сказаў святар.
“Нас падзяляе чалавечае, а не Божае, таму што Божае не падзяляе, а аб’ядноўвае, дае благаслаўленне, дорыць мір і адзінадумства, любоў, аздараўленне і збаўленне”, – заўважыў дыякан Юрый Лабоцкі з Евангелічна-лютэранскай супольнасці.
Дыякан нагадаў, што ўсе хрысціяне пакліканы абвяшчаць Евангелле ўсім людзям словам, справай і сведчаннем свайго жыцця, і дадаў: “Нам трэба быць заўсёды гатовымі адмовіцца ад чалавечага дзеля асноўнай Божай справы, да якой пакліканы”.
Змяняць свет на лепшы
Пастар Дзмітрый Малюкевіч з Царквы поўнага Евангелля “Жывое Слова” падкрэсліў, што малітва з’яўляецца доступам да Божай сілы, і зрабіў акцэнт на тое, што сілай кожнай Царквы з’яўляюцца людзі.
“Найвялікшая сіла Царквы – гэта самі яе члены, адкупленыя і збаўленыя Хрыстом. Таму іншыя павінны ў нас бачыць братоў і сясцёр, тых, хто служыць табе і каму служыш ты”, – адзначыў пастар і нагадаў, што сілай для кожнага чалавека павінен быць Езус Хрыстус, які перамог зло і нясе людзям мір.
Айцец Андрэй Крот з Грэка-Каталіцкай Царквы ў сваім выступленні звярнуў увагу, што ўсе разам пакліканы змяняць свет на лепшы. “У сённяшнім свеце ёсць мы – хрысціяне, – і дзякуючы нашай малітве, прысутнасці і вернасці гэты свет яшчэ існуе, нягледзячы на тое, што ёсць шмат зла і граху. Мы пакліканы гэты свет змяняць, усе разам. Гэта наша заданне – усіх хрысціян разам”, – падкрэсліў святар.
Унесці ўклад у поўную камунію
Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі звярнуў увагу, наколькі актуальная сёння ў свеце Божая праўда.
“Сучасны свет, які пазначаны рэлігійнай індыферэнтнасцю – больш за тое, агрэсіяй да ўсяго, што хрысціянскае, – мае патрэбу ў абвяшчэнні Евангелля не толькі тым, што ніколі не чулі яе, але таксама і сярод тых, якія маюць хрысціянскія карані і для якіх Божая праўда павінна быць жаданай, як скарынка штодзённага хлеба”, – сказаў іерарх.
Па словах біскупа, крочачы дарогай да адзінства, усе пакліканы даваць супольнае сведчанне супраць выклікаў нашага часу, такіх, як секулярызацыя і абыякавасць, рэлятывізм і геданізм, i павінны разам бараніць далікатныя, але вельмі важныя тэмы пачатку жыцця чалавека і яго згоднага з Божым Провідам сыходу да новай рэчаіснасці ў Валадарстве Божым.
“Кожны пакліканы ўносіць свой уклад у спаўненне чарговых крокаў, якія вядуць да поўнай камуніі паміж усімі вучнямі Хрыста, не забываючы ніколі, што яна з’яўляецца найперш дарам Бога, аб якім мы павінны нястомна прасіць”, – дадаў біскуп Станеўскі.
Усе прысутныя ў катэдральным касцёле, трымаючыся за рукі, прамовілі малітву “Ойча наш”, якой навучыў Езус Хрыстус, і перадалі адзін аднаму знак супакою, a прадстаўнікі хрысціянскіх супольнасцяў запалілі ад пасхала сімвалічныя свечкі, святло ад якіх перадавалася ўсім удзельнікам набажэнства. Запаленыя свечкі, як святло Хрыста, сталіся сімвалам полымя, промні якога асвятляюць увесь свет.
На заканчэнне набажэнства біскуп Станеўскі падзякаваў усім за ўдзел і ўдзяліў пастырскае благаслаўленне.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота семінарыста Томаша Мікалайчыка