15 снежня ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне была адкрыта табліца ў гонар Тадэвуша Касцюшкі. Адкрыццё табліцы было прымеркавана да 200-годдзя з часу смерці генерала.
Урачыстасць пачалася святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Прысутнічалі прадстаўнікі абласной улады ў асобе Аляксандра Вярсоцкага, старшыні Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі, а таксама прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу ў асобе генеральнага консула Рэспублікі Польшча Яраслава Ксёнжэка.
Біскуп у сваім слове нагадаў, што Каталіцкі Касцёл зараз перажывае час Адвэнту, які з’яўляецца адкрыццём новых гарызонтаў і найпрыгажэйшых вымярэнняў нашага жыцця.
“У малітоўным чуванні пастараемся быць больш чулымі да патрэбаў іншых і адзіным голасам усхвалім Усемагутнага Бога за ўсе дары і ласкі, якія сталі нашым удзелам”, – дадаў іерарх.
Па словах біскупа, у гэты час адэвнтавага чування “збіраемся ў нашай катэдральнай базыліцы, каб ушанаваць памяць генерала Тадэвуша Касцюшкі, вялікага абаронцы свабоды, у двухсотую гадавіну яго смерці”. “Дзякуем Божаму Провіду за вялікую адвагу нашых продкаў і шматлікіх вернікаў, якія баранілі тое, што святое і Божае, вельмі часта аддаючы за праўду і свабоду сваё жыццё”, – сказаў іерарх.
Падчас Эўхарыстыі асаблівым чынам маліліся за сем’і Беларусі, за краіны, дзе ідзе вайна, і за ўсіх, хто загінуў у абароне Касцёла, крыжа і Евангелля, за ахвяр войнаў і ўзброеных канфліктаў, каб яны мелі ўдзел у радасці збаўленых.
Гэта ўжо другая табліца ў гонар Тадэвуша Касцюшкі ў катэдральным касцёле. Першая была адкрыта роўна сто гадоў таму, у 100-годдзе яго смерці. На новай табліцы змешчаны надпіс на трох мовах – беларускай, польскай і англійскай – “Тадэвушу Касцюшку – удзячныя нашчадкі”.
Даведка:
Taдэвуш Касцюшка нарадзіўся 4 лютага 1746 г. у Мерачоўшчыне на Палессі, быў чацвёртым дзіцём у сям’і брэсцкага мечніка Людвіка Тадэвуша.
Быў ваенным інжынерам, польскім і амерыканскім генералам, дзяржаўным дзеячам, удзельнікам вайны за незалежнасць Злучаных Штатаў (1775–1783), Вышэйшым кіраўніком Нацыянальных узброеных сіл падчас паўстання 1794 г.
Памёр 15 кастрычніка 1817 г. у Швейцарыі. Быў пахаваны ў мясцовым езуіцкім касцёле; праз год яго парэшткі былі перавезены ў Кракаў і змешчаны ў каралеўскай крыпце ў катэдры на Вавелі.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Ангеліна Марцішэўская