22 лістапада, ва ўспамін св. Цэцыліі, панны і мучаніцы, апякункі касцёльнай музыкі, гродзенскі хор “Cantate Domino” выступіў з канцэртам, прысвечаным 100-годдзю аб’яўленняў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Фаціме.
Канцэрт пад назвай “Марыя з Фацімы просіць нас...” адбыўся ў гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці (Вішнявец).
На канцэрце прысутнічалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, духавенства, жыхары Гродна і аматары касцёльнай музыкі. Прысутнічаў таксама Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Яраслаў Ксёнжэк.
Кампазіцыя канцэрта і падбор твораў, якія выконваліся дыяцэзіяльным хорам, былі асаблівымі. Увесь канцэрт быў прадстаўлены быццам у форме адзінай ружанцовай таямніцы.
Харысты пад кіраўніцтвам дырыжора Генрыхa Давідовічa выканалі прыгожыя творы. Між іншым на заканчэнне канцэрта прагучаў афіцыйны гімн І Сінода Гродзенскай дыяцэзіі “Жыць Евангеллем”, аўтарам якога з’яўляецца святар дыяцэзіі кс. Тадэвуш Крыштопік.
Літургічны ўспамін св. Цэцыліі з’яўляецца таксама днём заснавання гродзенскага хору. Сёлета хор адзначае сваё паўналецце. 18 гадоў „Cantate Domino” упрыгожвае сваім спевам найважнейшыя касцёльныя ўрачыстасці як у Гродзенскай дыяцэзіі, так і за яе межамі.
Хор “Cantate Domino” распачаў сваю дзейнасць у 1999 годзе. У хоры спяваюць 43 чалавекі. З самага пачатку кіраўніком хору з’яўляецца Генрых Давідовіч. Хор выконвае спевы на трох мовах: польскай, лацінскай і беларускай. Рэпертуар калектыву складаецца са спеваў на ўсе літургічныя перыяды, сярод якіх творы знакамітых кампазітараў класічнай музыкі.
Кс. Юрый Марціновіч