Skip to main content

"Усклікаюць нябёсы": Цэцыліяда адбылася ў Смаргоні

cecyliada 1Tрадыцыяй усіх салезіянскіх дамоў у свеце з’яўляецца арганізацыя Цэцыліяды – супольнага спеву ў гонар св. Цэцыліі, апякункі касцёльнага спеву. Салезіянская супольнасць у Беларусі працягвае гэты прыгожы звычай.

18 лістапада ў араторыі імя св. Яна Боско ў Смаргоні адбыўся канцэрт у гонар святой Цэцыліі. Сёлетняе свята праходзіла пад назвай «Усклікаюць нябёсы» і было падрыхтавана ўсімі галінамі смаргонскай салезіянскай сям’і: Савіо-клубам, аніматарамі, членамі Асацыяцыі Марыі Успамогі.

Дзякуючы гэтай сустрэчы дзеці, моладзь і дарослыя маглі лепш пазнаёміцца і стварыць адну вялікую супольнасць, бо, як казаў св. Аўгустын, “хто спявае, той моліцца двойчы”.

Такія сустрэчы ўплываюць на стварэнне культуры ў нашым грамадстве. Усё разам: энтузіязм і ўключанасць выканаўцаў, энергія і сілы, выдаткаваныя на падрыхтоўку гэтага мерапрыемства арганізатарамі, - спрыяе сапраўднай сямейнай атмасферы, якая пазітыўна ўплывае на будаванне супольнасці.

Святая Цэцылія – мучаніца ІІІ ст., апякунка харыстаў, музыкаў, арганістаў і вакальна-музычных гуртоў. Легенда кажа, што яна грала на аргане, хоць больш праўдападобна, што, калі яна і грала на якім-небудзь музычным інструменце, то гэта была арфа.

Кс. Юрый Марціновіч