16 лістапада Касцёл узгадваў ў літургіі Маці Божую Вастрабрамскую, якая ўшаноўваецца хрысціянамі як заступніца Літвы і Беларусі і з’яўляецца галоўнай заступніцай Гродзенскай дыяцэзіі. У гэты дзень у гродзенскай капліцы Святога Духа (Альшанка) адбыўся парафіяльны адпуст.
На ўрачыстую св. Імшу з удзелам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча і дапаможнага біскупа Юзафа Станеўскага прыбылі святары-аднакурснікі пробашча парафіі кс. Паўла Салабуды, а таксама мясцовыя вернікі, сярод якіх было шмат маладых сем’яў з дзецьмі.
Звяртаючыся да прысутных з гаміліяй, біскуп Юзаф наблізіў прысутным культ Маці Божай Вастрабрамскай. Іерарх адзначыў, што вернікі Гродзенскай дыяцэзіі на працягу многіх гадоў пілігрымавалі ў Вільню, дзе знаходзіцца выява Найсвяцейшай Маці, каб прасіць праз Яе заступніцтва аб Божай міласэрнасці для сябе і ўсяго свету. Падчас сваёй прамовы біскуп таксама звярнуў увагу на ролю Панны Марыі ў жыцці кожнага чалавека і асаблівым чынам засяродзіўся на тэме набліжэння чалавека да Бога па Яе прыкладзе.
На заканчэнне ўрачыстасці парафіяне падзякавалі прысутнаму духавенству за супольную малітву, і, у прыватнасці, выказалі ўдзячнасць пробашчу за клопат пра кожнага верніка, а таксама пажадалі яму цярпення і вытрымкі ў служэнні.
Кінга Красіцкая