Skip to main content

Міжпарафіяльны футбольны матч у Малой Бераставіцы

   22 студзеня 2011 г. у пар. Малая Бераставіца адбыўся футбольны матч паміж камандамі міністрантаў трох парафіі: Адэльск, Макараўцы і Малая Бераставіца. Міністрантаў з суседніх парафій прывезлі ў Малую Бераставіцу алюмны Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі: кл. Павел Безлаповіч з Макараўцаў і кл. Валерый Спірыдон з Адэльска.
У Малой Бераставіцы гасцей сустракала каманда міністрантаў на чале з кл. Генрыхам Яблонскім, якая кожную суботу праводзіць трэніроўкі ў школьнай спартыўнай зале дзякуючы дырэктару школы, сп. Вікторыі Кісялеўскай.
Перад матчам міністранты набожна ўдзельнічалі ў св. Імшы, якую ўзначаліў кс. проб. Андрэй Казлоўскі, У пачатку св. Імшы кс. Андрэй ад свайго імя, а таксама ад імя кл. Генрыха і міністрантаў зычліва прывітаў дарагіх гасцей і заахвоціў усіх да супольнай малітвы. Пасля св. Імшы міністранты разам з апекунамі адправіліся ў спартыўную залу. Гульню распачала малітва, якая падкрэсліла рэлігійны характар сустрэчы. Кожны матч доўжыўся 30 хвілін.
Усе каманды гулялі вельмі актыўна і старанна, але перамога была на баку гаспадароў сустрэчы, міністрантаў з Малой Бераставіцы. Другое месца заняла каманда з Макараўцаў, а трэцяе – з Адэльска. Сустрэча закончылася супольнай малітвай, пасля чаго міністранты раз’ехаліся па сваіх парафіях.