24 верасня ў межах кананічнай візітацыі Лідскага дэканату дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі наведаў парафію Найсвяцейшай Тройцы ў Бердаўцы i парафію Св. Казіміра ў Першамайскім. Іерарх сустрэўся з вернікамі, узначаліў святыя Імшы і ўдзяліў пастырскае благаслаўленне.
Звяртаючыся са словам у парафіяльным касцёле ў Бердаўцы, біскуп адзначыў, што кожнага чалавека Бог адарыў адметным пакліканнем і даў яму спецыяльную місію. Іерарх дадаў, што кожны чалавек пакліканы да святасці.
У якасці прыкладу і заахвочвання біскуп уручыў усім прысутным абразкі з выявай благаслаўлёнай нашай зямлі Цэліны Бажэнцкай, якая паходзіла з Заневіч – той жа парафіі, што і іерарх, а таксама пробашч парафіі ў Бердаўцы кс. Міхал Стэцкевіч. Біскуп заклікаў, каб кожны ў сваім стане, незалежна ад узросту і грамадскага становішча, выконваў заданні, якія даручыў нам Пан.
У Першамайскім, дзе парафія больш маладая і складаецца з сярэдняга пакалення вернікаў – бацькоў з дзецьмі, якія працуюць пераважна ў Лідзе, што знаходзіцца непадалёк, – біскуп Юзаф Станеўскі прасіў парафіян дзяліцца верай, якую яны вызнаюць. Іерарх заклікаў таксама быць католікамі не толькі ў касцёле, але і сапраўднымі хрысціянамі ў свеце.
На заканчэнне візітацыі вернікі выказалі біскупу ўдзячнасць за прыбыццё, дар супольнай малітвы і ўмацаванне пастырскім благаслаўленнем.
Кананічная візітацыя біскупа – гэта не толькі час праверкі парафіі, а найперш нагода да сустрэч з вернікамі, час умацавання іх веры і ўказання шляху на будучыню. У хрысціянскай традыцыі біскупы з’яўляюцца прадаўжальнікамі місіі апосталаў.
Біскупы, у супольнасці з Папам, утвараюць Настаўніцкі ўрад Касцёла. Ён знаходзіцца ў кампетэнцыі тых, якія пакліканы да служэння навучання ў сферы веры і маральнасці, на моцы аўтарытэту, атрыманага праз Хрыста. Навука Касцёла з’яўляецца справай Настаўніцкага ўраду, што навучае на падставе аўтарытэту, які Хрыстус удзяліў апосталам і іх наступнікам.
Кс. Юрый Марціновіч