З 15 па 19 жніўня міністранты з лідскай парафіі Святой Сям'і перажывалі рэкалекцыі, якія праходзілі ў Шчучыне. Гэта быў час яднання з Айцом, час малітвы і праслаўлення, магчымасці даведацца больш пра сябе і пра Бога.
На працягу ўсіх дзён хлопчыкі адпачывалі, бавілі час за спартыўнымі гульнямі, танцамі і вясёлымі вечарамі, а таксама малітвамі і адарацыямі. Галоўным арганізатарам рэкалекцый быў кс. Юрый Гурскі, які штодня стараўся распаліць у міністрантах дух агню і любові, дапамагчы ім адкрыць сваё сэрца на Бога.
Рэкалекцыі праходзілі пад дэвізам "Навучы нас любіць".
"Усе мы слабыя. Але слабыя толькі тады, калі жывём без Бога. Бог ёсць Дабро, Любоў і Міласэрнасць. Толькі з Ім можна навучыцца сапраўды любіць. Майце надзею на Яго, давярайце Яму, жывіце Ім, тады вы будзеце самымі шчаслівымі людзьмі", - казаў кс. Юрый Гурскі ў адным са сваіх разважанняў. Хлопцы на працягу рэкалекцый разважалі над словам “любоў”, стараліся як мага глыбей зразумець яго значэнне.
Кожны дзень пачынаўся з малітвы і зарадкі. Далей удзельнікаў чакалі катэхезы, дзяленне Божым словам, святая Імша, Вяночак да Божай Міласэрнасці, канферэнцыі, спартыўныя гульні, купанне на возеры, вясёлыя вечары, вячэрнія адарацыі, на якіх хлопцы прасілі, дзякавалі і праслаўлялі Бога за ўсё, што Ён робіць у іх жыцці .
Таксама міністранты арганізавалі ўласную пілігрымку ў вёску Лядск, што ў 15 км ад месца іх пражывання. Гарачае сонца зусім не перашкаджала хлопцам ісці, спяваць, уздымаць рукі на хвалу Пана. У вёсцы яны ўдзельнічалі ў святой Імшы і выслухалі канферэнцыю, якую падрыхтаваў кс. Алег Пятрашка, а пасля іх чакаў адпачынак і абед.
У пятніцу хлопцы ўдзельнічалі ў Крыжовым шляху. У цішыні яны разважалі над стацыямі і дзякавалі Езусу за кроў, што была праліта за нашыя грахі. Таксама ў апошні дзень духоўных практыкаванняў яны ўдзельнічалі ў начной Імшы, дзе ўсе разам, як вялікая сям'я, дзякавалі Пану за пражытыя рэкалекцыі.
"Кожны год мы ездзім на падобныя рэкалекцыі, і кожны год я перажываю іх па-рознаму. Толькі на рэкалекцыях можна адчуць сябе сапраўды спакойна, таму што шум і мітусня ў нашым жыцці часам заглушае голас Бога, а тут ты аддаляешся ад усяго гэтага. Галоўнае, каб усё, што мы атрымалі тут, дало свой плён і не знікла", - адзначае Яўген Малец, адзін з удзельнікаў.
Дні духоўных практыкаванняў праляцелі для міністрантаў вельмі хутка, але гэтыя рэкалекцыі запомняцца ім на доўгі час, бо тое, што яны атрымалі тут, умацавала іх і надало іх веры новы подых.
Вікторыя Бурч