15 жніўня, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, адбылася пешая пілігрымка з парафіі Свв. апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі да Маці Божай Дудскай.
У парафіяльным касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дудах знаходзіцца старадаўні абраз Маці Божай. Да яго ішлі пілігрымы, каб праз заступніцтва Найсвяцейшай Маці прасіць у Бога жаданы мір для ўсяго свету і сваіх сем’яў.
Гэтая пілігрымка нядоўгая, яе працягласць складае толькі некалькі кіламетраў, аднак, як заўважаюць яе арганізатары, для яе характэрны дух асаблівай малітвы. Тут ёсць час і на спеў, і на традыцыйныя малітвы, якія з’яўляюцца вялікім багаццем Касцёла.
У пілігрымцы прынялі ўдзел вернікі з Іўя пад кіраўніцтвам свайго пробашча кс. Яна Гавецкага.
Прыйшоўшы да святыні ў Дудах, кожны пілігрым перад абразом Найсвяцейшай Маці даручыў Марыі свае асабістыя справы і штодзённыя клопаты.
Кс. Юрый Марціновіч