Skip to main content

Сустрэча літургічнай службы алтара пачалася ў Лідзе

ulidzie25

11 жніўня ў парафіі Святой Сям’і ў Лідзе пачалася дыяцэзіяльная сустрэча міністрантаў. На сустрэчу прыбыло каля 180 чалавек з 17 парафій Гродзенскай дыяцэзіі.

Вітаючы ўсіх прысутных, пробашч кс. канонік Юзаф Ганьчыц адзначыў, што для гэтай парафіяльнай супольнасці вялікая радасць прымаць прадстаўнікоў літургічнай службы алтара. Святар таксама выказаў надзею, што плёнам гэтай сустрэчы ў сэрцах маладых людзей стане прыгожае хрысціянскае жыццё.

Сустрэча пачалася святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і якая цэлебравалася ў інтэнцыі ўсіх міністрантаў дыяцэзіі.

Гамілію прамовіў кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі. Святар адзначыў, што жыццё кожнага чалавека павінна быць нястомным служэннем Богу і людзям.

“Калі мы хочам быць сапраўднымі вучнямі Езуса Хрыста, то трэба служыць і быць здольнымі ахвяраваць сябе іншаму чалавеку”, – сказаў кс. Марціновіч.

Звяртаючыся да міністрантаў на заканчэнне Імшы, біскуп Аляксандр Кашкевіч падкрэсліў, што служыць пры алтары – вялікі прывілей і ласка, бо не кожны вернік, які прымае ўдзел у літургіі, можа быць так блізка да алтара.

ulidzie 6

Іерарх заклікаў міністрантаў, каб гэтае служэнне яны выконвалі з вялікай руплівасцю і адказнасцю. Біскуп дадаў, што праз сваю прысутнасць ля алтара трэба даваць добры прыклад іншым, асабліва сваім равеснікам.

Гродзенскі ардынарый заахвоціў усіх прысутных у святыні да асаблівай малітвы аб новых пакліканнях да служэння ў Касцёле. Таксама іерарх прасіў аб малітве ў інтэнцыі семінарыстаў і святароў, каб яны з кожным днём імкнуліся да яшчэ большай блізкасці з Богам і з усё большай адданасцю служылі Пану і людзям.

Біскуп падзякаваў душпастырам літургічнай службы алтара Гродзенскай дыяцэзіі кс. Антонію Абухоўскаму і кс. Юрыю Гурскаму за арганізацыю гэтай сустрэчы.

JM

Фота Максіма Хаванскага