29-30 ліпеня ў межах перэгрынацыі, якая праходзіць у Гродзенскай дыяцэзіі, фігура Маці Божай Фацімскай наведала лідскую парафію Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Слабада).
Для многіх людзей гэта была незабыўная сустрэча з Найсвяцейшай Маці. Шматлікія вернікі прыступілі да сакрамэнту пакаяння і паяднання, многія трывалі на малітве, асабліва з ружанцам у руках.
У гэты час парафіяне маглі яшчэ лепш пазнаёміцца з фацімскім пасланнем, скіраваным да траіх маленькіх пастухоў сто гадоў таму ў Фаціме. Фацімскае пасланне – гэта канкрэтны заклік да навяртання, пакаяння і заступніцкай малітвы, якія з’яўляюцца лекамі для чалавека і свету, зраненых злом.
Маці Божая ў Фаціме звяртала ўвагу на тое, што ў малітве, асабліва ружанцовай, а таксама ў пакаянні і сістэматычным удзеле ў сакрамэнтальным жыцці праз споведзь і Эўхарыстыю, утрымліваецца сіла Божых дзяцей для перамогі зла дабром.
Падчас перэгрынацыі пробашч парафіі кс. прэлат Вінцэнт Лісоўскі даручыў усю парафіяльную супольнасць Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Святар адзначыў, што гэтае наведванне Панны Марыі ў фацімскай фігуры з’яўляецца для вернікаў парафіі вялікай ласкай, а таксама знакам Божага благаслаўлення. Ксёндз Лісоўскі падзякаваў усім, хто на працягу гэтага часу трываў на малітве перад фігурай.
Затым фігура была перададзена ў лідскую парафію Святой Сям’і.
Кс. Юрый Марціновіч