26 ліпеня парафія Св. Міхала Арханёла ў Міхалішках (Астравецкі дэканат) перажывала другарадную адпустовую ўрачыстасць у гонар святой Ганны. Падчас урачыстай Імшы з удзелам шматлікіх вернікаў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка асвяціў адноўленыя алтары ў гістарычнай святыні.
Алтары – галоўны і два бакавыя – былі адноўлены ў апошні час дзякуючы старанням мясцовага пробашча кс. Анатоля Захарэўскага і вялікай ахвярнасці вернікаў. Алтарам быў вернуты першапачатковы стан.
Падчас урачыстасці біскуп Антоні Дзям’янка ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі 32 парафіянам.
Звяртаючыся да вернікаў, іерарх заклікаў бацькоў прыкласці ўсе старанні, каб добра выхоўваць новыя пакаленні, каб вучыць іх шанаваць усё, што святое, і перадаваць хрысціянскія каштоўнасці.
Біскуп Пінскі заклікаў таксама да малітвы аб новых пакаліканнях да святарства і манаскага жыцця, бо, як адзначыў, сёння свет мае патрэбу ў сведках веры, якія будуць несці Бога ўсім людзям.
Кажучы пра адноўленыя алтары, іерарх адзначыў, што гэты клопат парафіян аб святыні з’яўляецца выразам іх веры і жадання служыць Богу. Біскуп заахвоціў далей трываць з Хрыстом і дзяліцца сваёй верай з тымі, хто яе страціў або ў каго яна аслабла.
Міхалішскі касцёл – адна з нямногіх барокавых святынь ХVII стагоддзя на гэтых тэрыторыях, якая захавалася на працягу 350 гадоў свайго існавання ў амаль нязменным стане. Вонкавы і ўнутраны выгляд касцёла не паддаўся прынцыповым зменам. Яго не знішчылі пажары, войны і розныя жыццёвыя завірухі. Найбольшы ўціск ён спазнаў у ХХ ст., асабліва падчас Першай і Другой сусветных войнаў.
Сёння касцёл адноўлены і прыцягвае шматлікіх турыстаў і пілігрымаў, якія спыняюцца ў ім на хвіліну малітвы і для знаёмства з яго багатай гісторыяй.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота Віталія Спірыдона