16 ліпеня ў гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка) адбылася дыяцэзіяльная сустрэча Апостальства дапамогі душам чыстцовым.
У праграме сустрэчы была святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, эўхарыстычная працэсія.
Таксама ўдзельнікі сустрэчы праслухалі канферэнцыю на тэму “Ідзіце і абвяшчайце”, якую прамовіў а. Андрэй Ядкоўскі CSsR, духоўны апякун Апостальства дапамогі душам чыстцовым у Гродзенскай дыяцэзіі.
Інтэграцыйным элементам была сустрэча за сталом, так званая “агапа”, падчас якой была магчымасць паразмаўляць, задаць пытанні і пазнаёміцца.
Апостальства дапамогі душам чыстцовым – гэта апостальства, якое можа рэалізаваць кожны хрысціянін незалежна ад адукацыі, паходжання, пасады ці функцый (свецкі чалавек, святар або манах).
Той, хто належыць да гэтага апостальства, дапамагае душам чыстцовым, дапамагае жывым усвядоміць важнасць адказнага і пабожнага перажывання свайго жыцця, уяўляе сабой прыклад для наследвання, забяспечвае заступніцтва душаў чыстцовых у жыцці і пасля смерці.
Члены гэтай групы штодзённа прамаўляюць любую малітву за памерлых, ахвяруюць у іх інтэнцыі штодзённую працу, якая вынікае з іх роду дзейнасці, а таксама спазнаныя прыкрасці, цярпенні і г.д.
Па меры магчымасці яны замаўляюць святыя Імшы за памерлых або прынамсі стараюцца ахвяраваць за іх свой удзел у Эўхарыстыі і святую Камунію.
У інтэнцыі памерлых, якія знаходзяцца ў ачышчэнні, яны могуць ахвяраваць таксама добрыя ўчынкі, міласціну, адпусты, пакаянне.
Паводле www.redemptor.by