15 ліпеня адбылася ІІI пешая пілігрымка з Гродна на месца спачыну ахвяр Другой сусветнай вайны ў лесе каля Навумавічаў, дзе знаходзіцца масавае пахаванне людзей, расстраляных падчас Другой сусветнай вайны, жыхароў Гродна і Ліпска.
Сёлетняя пілігрымка, якая вырушыла з гродзенскай святыні Маці Божай Анёльскай, праходзіла пад дэвізам “Шляхам мучанікаў нашай зямлі”.
У пілігрымцы ўдзельнічалі ўсе пакаленні вернікаў: дзеці, моладзь, старэйшыя. Гэта была добрая нагода задумацца над сваім жыццём, якое з’яўляецца вялікім дарам, атрыманым ад Бога, і над тым, як належыць яго выкарыстаць. Падчас пілігрымкі ўдзельнікі мелі таксама магчымасць вучыцца прысвячаць сваё жыццё Богу – яго даўцу.
„Трэба вучыцца стылю жыцця і спосабу мыслення”
Пілігрымы маглі таксама бліжэй пазнаёміцца з трагічнай гісторыяй сваёй зямлі, усвядоміць, што гады Другой сусветнай вайны – час гераічнасці беларускага народа ў вызнаванні сваёй веры і гатоўнасці зносіць цяжкасці з-за Хрыста. Гэты перыяд стаў для Касцёла ў Беларусі часам самага страшнага ў гісторыі выпрабавання, пазначанага мільёнамі ахвяр і велізарнымі знішчэннямі ў сферы як матэрыяльнай, так і маральна-духоўнай.
Марыя Углік з Гродна адзначае, што пілігрымка ў Навумавічы – гэта асаблівы час малітвы і засяроджання. “Не кожны дзень ёсць магчымасць прысвяціць некалькі часоў малітве, Крыжоваму шляху. Не кожны дзень ёсць час, каб задумацца над сваімі ўчынкамі”, – кажа дзяўчына, дадаючы, што таксама “была добрая магчымасць падумаць аб гераічным учынку благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай”. „Я ўсвядоміла, што ад благаслаўлёнай трэба вучыцца стылю жыцця і спосабу мыслення, вучыцца ад яе ўмець ахвяраваць Богу ўсё, чаго Ён ад нас будзе хацець”, - дадае Марыя Углік.
Па словах Марыі, пілігрымка дапамагала “наладзіць яшчэ больш цесную сувязь з жывым Богам, якога мы так часта забываем у штодзённым жыцці”.
Праграма аднадзённай пілігрымкі была вельмі багатай. Быў час на малітву, разважанне, а таксама на сведчанні людзей, якія дзяліліся перажываннем сваёй веры.
„Нам трэба памятаць пра вялікіх людзей”
Агата Каўшук спецыяльна прыехала са Свіслачы, каб правесці суботні дзень у выключнай атмасферы і ў дарозе. Яна ўжо ў другі раз удзельнічае ў гэтай пілігрымцы і, як адзначае, заўсёды ўзбагачаецца духоўна і вяртаецца да штодзённых спраў з новымі сіламі і запасам пазітыўнай энергіі.
„Гэта вялікі гонар – ісці ў такое святое месца, дзе загінула так шмат людзей, сярод якіх была благаслаўлёная Мар’яна”, - кажа дзяўчына і дадае, што ў дарозе шмат маліліся, спявалі і слухалі сведчанні некаторых людзей.
“Сапраўды варта было пайсці ў гэтую пілігрымку. Гэта штосьці новае. Мы прывыклі ісці ў Тракелі, да нашай нябеснай Мамы. А тут такое святое месца, палітае чалавечай крывёю, таму нам трэба памятаць пра вялікіх людзей”, - адзначае Агата Каўшук.
Удзельнікі пілігрымкі вельмі ўдзячныя кс. Антонію Грэмзу, які ўжо ў трэці раз арганізаваў яе, і за тое, што ён вучыць іх пазнаваць гісторыю нашых земляў і любіць тое, што Божае.
Завяршэннем пілігрымкі стала ціхая малітва ўдзельнікаў на магіле забітых у часы вайны. Там вернікі маглі ўслухацца ў шум навумавіцкага лесу і пасланне, якое паходзіць з гэтага месца, што „ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх” (Ян 15, 13).
Кс. Юрый Марціновіч