15 ліпеня адбылася юбілейная ўрачыстасць 400-годдзя парафіі Божага Цела ў Крамяніцы (Ваўкавыскі дэканат). Урачыстую святую Імшу падзякі за дар парафіяльнай супольнасці і фундатараў касцёла св. Юрыя, мучаніка, узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
На незвычайнай урачыстасці сабралося шмат гасцей, а Імша цэлебравалася звонку святыні. Прысутнічалі святары, у тым ліку былыя пробашчы гэтай парафіі, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, шматлікія госці з ваколіц.
Падчас Эўхарыстыі больш за 200 чалавек прынялі сакрамэнт канфірмацыі. Таксама былі асвечаны адноўленыя арганы ў гістарычнай святыні. Іх аднаўленню паспрыялі святары, якія паходзяць з гэтай парафіяльнай супольнасці.
Перад пачаткам літургіі была агучана гісторыя парафіі, якую прадставіў кс. Віталій Сідорка, што паходзіць з гэтай супольнасці. Святар адзначыў, што парафія многім удзячная кашталяну Віцебскаму Мікалаю Вольскаму і яго жонцы Барбары. У 1617 годзе яны запрасілі Ордэн Латэранскіх Канонікаў з Кракава і выступілі фундатарамі кляштара і касцёла.
Вітаючы прысутных гасцей, пробашч парафіі кс. Аляксандр Баклажэц адзначыў, што для парафіяльнай супольнасці гэта гістарычная падзея, якой усе чакалі доўгі час. Святар выказаў удзячнасць усім, хто прыбыў, каб разам з вернікамі крамяніцкай парафіі падзяляць радасць гэтага юбілею.
У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што гісторыя парафіі ў Крамяніцы з’яўляецца неадлучнай часткай дзеяў нашых земляў – “дзеяў бурных і цяжкіх, якія мелі свае ясныя і цёмныя старонкі, як часы вялікага росквіту, дабрабыту і супакою, як і перыяды зняволення, уціску і пераследаванняў”.
„Мы, хрысціяне, у гэтай бурнай гісторыі нашых земляў бачым перш за ўсё прыгожае і хвалюючае ў сваёй вымове сведчане веры папярэдніх пакаленняў”, – дадаў іерарх.
Біскуп заклікаў, святкуючы юбілей парафіі, дзякаваць Богу за ўсіх папярэднікаў у веры, якія ў цяжкія пасляваенныя гады, нягледзячы на пераслед і небяспекі, мужна трывалі.
Іерарх падзякаваў парафіянам за іх клопат аб сваёй святыні, якая сёння адноўленая і прыгожая. “Касцёл з’яўляецца найперш домам Божым, які нагадвае нам, што Бог вельмі блізка, што Ён сярод нас, а Яго найбольшае жаданне – пасяліцца ў нашых сэрцах”, - сказаў гродзенскі ардынарый.
Варта адзначыць, што святкаванне 400-годдзя заснавання парафіі пачалося яшчэ на тры дні раней. У межах святкавання ў касцёле прайшлі ўрачыстыя святыя Імшы, а таксама была падрыхтавана багатая мастацкая праграма. Вернікі мелі магчымасць убачыць тэатральнае прадстаўленне "Як усё было", якое паказала пачаткі існавання парафіі.
Перад парафіянамі выступілі з канцэртам святары, якія калісьці былі ўдзельнікaмi гурта Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне "AVE".
На памяць аб юбілейных урачыстасцях у святыні была адкрыта табліца, якая будзе нагадваць аб гэтай вялікай падзеі, якую перажывала парафія ў 2017 годзе.
Вернікі парафіі ў Крамяніцы ўсведамляюць, што з’яўляюцца спадкаемцамі і даўжнікамі сваіх папярэднікаў, якія нават у самых цяжкіх умовах верна трывалі пры Хрысце і Касцёле. Яны не толькі захавалі веру і традыцыі бацькоў, але і перадалі іх наступным пакаленням. Дзякуючы веры ранейшых пакаленняў стала магчымай гэтая прыгожая ліпеньская ўрачыстасць, якая залатымі літарамі ўпішацца ў гісторыю парафіі.
Кс. Юрый Марціновіч