Skip to main content

Перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай прайшла ў Смаргоні

sdb maryja11 ліпеня жыхары горада Смаргонь урачыста прывіталі фігуру Фацімскай Мадонны, якая пілігрымуе па Гродзенскай дыяцэзіі. Вернікі вырушылі ад касцёла св. Міхала Арханёла ў бок галоўнага скрыжавання горада, каб там сустрэць сваю Маці. Амаль праз увесь горад ва ўрачыстым шэсці мясцовыя жыхары неслі цудоўную фігуру да салезіянскага касцёла. У працэсіі ўдзельнічала шмат дзетак, якія неслі блакітныя шары.

Пад гучны спеў касцёльнага звону, статую ўнеслі на дзядзінец Міхалаўскага касцёла. Пасля прывітання пробашча, кс. Алега Жураўскага SDB, Марыю прывіталі таксама дзеці, моладзь і прадстаўнікі парафіі, а над касцёлам у гонар так важнай госці ўзняліся ў неба блакітныя шары. Імша прывітання Марыі з-за вялікага натоўпу верных адбылася на палявым алтары парафіі. Пасля Эўхарыстыі сёстры-салезіянкі ў працэсіі перанеслі фігуру ў святыню, дзе людзі трывалі на малітве цэлую ноч.

sdb mb

Падчас чування ў касцёле нястомна гучала ружанцовая малітва. Шматлікія колы парафіі, моладзь і дзеці, трымаючы ружанцы ў руках, прасілі Марыю аб апецы і бласлаўленні. Госцем Марыйнага чування ў Смаргоні быў гурт “Laudans”, які выканаў “Акафіст”, а таксама ўпрыгожыў сваім спевам малітву ў святыні. Апоўначы вакол касцёла прайшло ружанцовае шэсце са свечкамі. Наперадзе незвычайнай працэсіі вернікі неслі выяву Марыі, молячыся ў інтэнцыях свайго горада.

sdb facima

12 ліпеня праз увесь дзень натоўпы гараджан і гасцей Смаргоні не пераставалі прыходзіць да касцёла св. Міхала. На чэсць і хвалу Марыі адпраўляліся ў гэты дзень шматлікія набажэнствы: Імшы з удзелам дзяцей і моладзі, ружанцовая малітва, гадзінкі, спевы і г.д. Асабліва краналі сэрца прачытаныя прад Марыяй просьбы вернікаў, у якіх кожны шчыра прасіў Маці заступіцца ў сваіх праблемах і патрэбах.

Пасля святой Імшы ў 16.30 вернікі Смаргоні развіталіся з Марыяй. Фігуру ўрачыста вынеслі з касцёла, пасля чаго адказны за перэгрынацыю завёз Багародзіцу ў чарговую парафію.

Больш фотаздымкаў на sdb.by