Skip to main content

"Нас мачыў дождж Божых ласкаў". Рэха паломніцтва Ваўкавыск-Тракелі

vaukavysk trak 39На днях у дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай у Тракелях адбыліся штогадовыя ўрачыстасці. Тым часам некаторыя яшчэ адчуваюць смак пілігрымкі, якая, здаецца, фінішавала яшчэ ўчора. Гаворка і пра паломнікаў, якія крочылі з Ваўкавыска.

Сёлета пілігрымка Ваўкавыск – Тракелі сабрала каля 60-ці чалавек ва ўзросце 12–66 гадоў. У яе ліку – не толькі вернікі з Ваўкавыскага дэканата, а таксама з Жалудка, Бераставіцы, Несвіжа. Паломніцтва ў бягучым годзе ўзначаліў кс. Аляксандр Вараб’ёў, вікарый парафіі св. Вацлава ў Ваўкавыску.

Пілігрымы ішлі 5 дзён па крыху змененым маршруце, што зменшыла дарогу на 20 км. На гэты раз працягласць шляху склала 140 км, палову якога паломнікі пераадолелі за апошнія 2 дні.

Кожны дзень, як і вядзецца, распачынаўся св. Імшой. Затым адбываліся канферэнцыі. Пілігрымы разважалі над пакліканнем, багаццем хрысціянскага жыцця. Цэнтральная тэма ўсіх разважанняў была прымеркавана да дэвізу сёлетняга паломніцтва – “Паверыць у Сына Божага, як Марыя”.

vaukavysk trak 24

Не абышлося і без танцаў на прывале. “І дождж нас мачыў. Але таксама дождж Божых ласкаў”, – узгадваюць пілігрымы. Кожны прыпынак на начлег – своеасаблівая прыгода: новае месца, новыя людзі. У падзяку за клопат і ўвагу паломнікі “забіралі” у гаспадароў дома інтэнцыі і неслі іх разам са сваімі да Маці Божай.

Хутка пілігрымы сустрэнуцца ізноў. У мінулым годзе нарадзілася цудоўная традыцыя: у бліжэйшым тэрміне спаткацца, каб падзяліцца ўражаннямі ад пілігрымкі і проста добра правесці час разам. У праграме сустрэчы св. Імша, конкурсы, танцы, салодкі стол. “Тракельскае рэха” для пілігрымаў з Ваўкавыска ўжо неўзабаве!

Ангеліна Пакачайла