8 ліпеня ўрачыстасці ў санктуарыі Маці Божай Каралевы сем’яў у Тракелях завяршыліся ўрачыстай святой Імшой, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
У Імшы ўдзельнічалі арцыбіскуп Рыжскі Збігнеў Станкевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі і Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. На Эўхарыстыі прысутнічалі шматлікія пілігрымы.
Вітаючы ўдзельнікаў літургіі, гаспадар святкаванняў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч адзначыў: “Эўхарыстычная Ахвяра Езуса Хрыста аб’ядноўвае ўсіх нас пры Яго алтары і пры Марыі, Каралеве нашых сем’яў, у Яе ласкамі славутым абразе”.
“Папросім нашага Пана Езуса Хрыста, каб нас асвяціў сваёй прысутнасцю, сваім збаўчым Словам і накарміў Найсвяцейшым Целам – пасілкам, які нам дапамагае вытрываць на шляху жыццёвай пілігрымкі да нябеснай Айчыны”, - дадаў іерарх.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у гаміліі адзначыў: “Фацімскае пасланне было Божым святлом у цемры атэізму і надзеяй на выйсце з яе”. “Сапраўды, пасля доўгай, трываючай тры пакаленні, начы ідэалагічнага атэізму і ганенняў на веру нарэшце ўзышло сонца свабоды веравызнання. Запалены сто гадоў таму Марыяй агеньчык надзеі на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя ператварыўся ў магутнае святло, - дадаў іерарх. - Як дзякуючы Марыі Езус здзейсніў першы цуд у Кане Галілейскай, таксама і ў нас, дзякуючы Яе апецы, стаўся новы цуд – мы атрымалі свабоду веравызнання”.
Мітрапаліт звярнуў увагу, што свабода веравызнання – “вялікі дар, але адначасова і выклік, які нават можа стаць спакусай жыць так, як хочацца, што вядзе да злоўжыванняў, непашаны да правоў іншых людзей і не спрыяе будаванню цывілізацыі жыцця, міру і любові”.
“Хрыстус кажа, што дом нашага жыцця мы павінны будаваць не на пяску, але на моцным духоўным фундаменце. Гэтым фундаментам з’яўляецца наша моцная вера, якая павінна праяўляцца ў штодзённым жыцці. На жаль, духоўны стан сучаснага свету і нашай краіны не найлепшы. Мы самі дабравольна паддаёмся вірусу секулярызму і не хочам прымаць вакцыны супраць гэтай заразнай хваробы. Калі забываемся аб нашых хрысціянскіх каранях, з якіх выраслі, а спяшаемся за ідэалогіямі, якія не толькі не прызнаюць Бога, але таксама не шануюць чалавека, якога Бог стварыў па свайму вобразу і падабенству, то разбураем фундамент нашай хрысціянскай цывілізацыі”, - падкрэсліў арцыбіскуп.
Іерарх нагадаў, што сутнасць Фацімскага паслання заключаецца ў словах Марыі: “Калі будзем маліцца і навяртацца, то ўсё будзе добра, калі не, то нас чакае кара”.
“Марыя, Ты і сёння з Тракельскага санктуарыя паказваеш нам шлях да шчасця і збаўлення. Дапамажы ім крочыць. Выпрасі ў свайго Сына Езуса Хрыста ласку заўсёды заставацца вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню, каб мы не прадавалі нашай хрысціянскай годнасці на рынку сумнеўнага прагрэсу, а мужна баранілі веру, без якой няма збаўлення”, - сказаў Мітрапаліт.
З нагоды юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў, які прыпадае ў гэтым годзе, усе прысутныя на заканчэнне святой Імшы здзейснілі ўрачысты акт даручэння Гродзенскай дыяцэзіі матчынай апецы Найсвяцейшай Панны Марыі, просячы Маці Божую, каб узяла ў апеку дыяцэзіяльную сям’ю, каб верны люд Гродзеншчыны ўзрастаў у веры, надзеі і любові, верна трываючы пры Хрысце.
Таксама на заканчэнне літургіі вернікі сімвалічна выпусцілі ў неба ружанец з паветраных шароў як сімвал таго, што заўсёды будуць памятаць аб ружанцовай малітве, аб якой прасіла сама Марыя сто гадоў таму ў Фаціме. Праз гэта яны ўчынілі пастанаўленне крочыць з малітвай праз жыццё.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Вольга Сяліцкая