3 ліпеня з Гродна ў санктуарый Маці Божай Каралевы Сем’яў у Тракелях выйшла ХІХ пешая пілігрымка, якая сёлета праходзіць пад дэвізам "Марыя, дадай веры".
З самага ранку ў цэнтр Гродна да катэдральнага касцёла св. Францішка Ксаверыя сыходзіліся людзі, перш за ўсё моладзь, якія вырашыліся пакінуць усё і перажыць пяць дзён незабыўных прыгодаў. Некаторыя адправіліся ў пілігрымку ўпершыню, бо маюць вялікае жаданне падзякаваць Богу праз заступніцтва Панны Марыі за ўсё дабро, якое атрымалі. Для некаторых яна з’яўляецца ўжо чарговай.
Станіслаў Аўдзей з гродзенскай парафіі Святога Духа ідзе ў паломніцтва ўпершыню. Як адзначае, раней ніколі не ўдзельнічаў у пілігрымках, і прыемна ўражаны, бо сустрэў тут найперш моладзь. “Гэта наша будучыня і надзея, таму радуецца сэрца, калі бачу столькі адважных, прыгожых і маладых падарожнікаў”, – дадае Станіслаў.
Перш чым вырушыць у шлях, пілігрымы прынялі ўдзел у св. Імшы, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх пажадаў, каб падарожжа стала для іх умацаваннем у веры. І адзначыў, што трэба маліцца аб яе ўзрастанні ў нашым народзе, “у маладых людзях, якія сёння вельмі часта губляюцца на дарогах жыцця”.
У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за СМІ Гродзенскай дыяцэзіі, заўважыў, што пілігрымка – гэта магчымасць дакрануцца да жывога Бога, які прыходзіць у сваім Слове, святых сакрамантах і ў іншым чалавеку. “Вырушы ў гэты шлях, дарагі брат, дарагая сястра. Вырушы і будзь у гэтай дарозе сведкам Хрыстовага святла і супакою. Будзь найперш сведкам перамянення свайго жыцця, а потым – сведкам добрага перамянення чалавечых сэрцаў. Няхай гэты час пілігрымавання прынясе багаты плён умацавання ў веры”, – сказаў кс. Юрый, звяртаючыся да пілігрымаў.
У св. Імшы ўдзельнічалі і тыя, хто па розных прычынах не змог вырушыць у паломніцтва і прыбыў, каб разам маліцца і развітацца з пілігрымамі, перадаць ім свае інтэнцыі i просьбы.
ХІХ пілігрымку ўзначаліў кс. Павел Салабуда, пробашч парафіі Святога Духа ў Гродне, які крочыць у паломніцтве "Гродна – Тракелі" разам з яго ўдзельнікамі ад самага пачатку.
Перад вернікамі 5 дзён шляху і каля 150 км шляху па маршруце Гродна – Азёры – Астрына – Забалаць – Пагародна – Тракелі.
У гэты ж дзень у дыяцэзіяльны санктуарый вырушыла пешая пілігрымка з Ваўкавыска і Іўя. У наступныя дні выходзяць пешыя групы з іншых мясцін Гродзеншчыны.
Тэкст: JM
Фота: Вольга Сяліцкая