15 чэрвеня вернікі парафіі Св. Уладзіслава ў Суботніках сустрэлі фігуру Маці Божай Фацімскай, якая прыбыла да іх з касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дудах. Словы прывітання выказалі дарослыя, дзеці, апранутыя як Жасінта, Францішак і Люцыя. Малітвай прывітаў Маці Божую пробашч парафіі кс. Аляксандр Лебядзевіч. Вернікі разам адспявалі Літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі. Пасля ўрачыстай св. Імшы парафіяне яшчэ доўга трывалі на малітве, прыносячы Марыі свае просьбы і падзякі.
Апоўдні наступнага дня фігура была накіравана ў капліцу Хрыста Валадара і Маці Божай Фацімскай у Жамыслаўлі. Вернікі сардэчна прывіталі Маці Божую ад імя дарослых і дзяцей. У ружанцовай малітве, распачатай дзецьмі, апранутымі як маленькія візіянеры, парафіяльная супольнасць прадставіла Маці Божай Фацімскай усе свае справы і клопаты, радасці і цярпенні.
Падчас урачыстай св. Імшы кс. Аляксандр распавёў аб фацімскіх аб’яўленнях і пасланннях Маці Божай, нагадаў аб малітве і ўшанаванні Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі. "Душы такіх вернікаў Бог будзе любіць як кветкі, пастаўленыя рукамі Марыі для аздаблення Божага трону ў небе",- адзначыў святар.
Развітваючыся з фігурай Маці Божай Фацімскай дзеці паабяцалі маліцца Ружанец і гэтым дапамагаць у збаўленні свету і грэшнікаў. У словах развітання абяцалі малітву і навяртанне старэйшыя парафіяне, просячы Найсвяцейшую Маці быць заўсёды разам з імі на жыццёвых дарогах. Словы развітання і падзякі выказаў кс. пробашч, давяраючы Маці Божай усіх парафіянаў: сем’і, асабліва тыя, якія перажываюць крызіс; старэйшых людзей, хворых; тых, хто змагаецца з залежнасцямі; моладзь, дзяцей, святароў; усіх удзельнікаў урачыстасці.
“Заставайся з намі надалей і будзь з намі заўсёды,” - дадаў святар, звяртаючыся да Маці Божай.
Пасля фігура Маці Божай накіравалася да вернікаў парафіі святога Казіміра ў Ліпнішках.
Л. Пясецкая