На заканчэнне так званага Белага тыдня дзеці з парафіі Свв. апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі, якія ў гэтым годзе першы раз прынялі святую Камунію, наведалі з пілігрымкай санктуарый Маці Божай Каралевы Нашых Сем'яў у Тракелях. Ім спадарожнічалі бацькі.
Гэта быў час, каб падзякаваць Езусу Міласэрнаму і Маці Божай за дар Першай святой Камуніі. Падчас малітвы дзеці дзякавалі таксама сваім бацькам за перададзеную веру і за тое, што сваім штодзённым жыццём паказваюць ім шлях да Бога. Дзякавалі яны і за сваіх катэхетаў, за тое, што тыя ўклалі шмат намаганняў у іх падрыхтоўку да дня Першай Камуніі.
Дзеці даверылі Панне Марыі час сваіх канікул, просячы, каб вяла іх і аберагала ў хвіліны няпэўнасці пад сваім плашчом мацярынскай апекі.
Перад абразом Маці Божай дзеці ўдзельнічалі ў святой Імшы, якую цэлебраваў іх пробашч кс. Ян Гавецкі. Святар заклікаў дзяцей заўсёды любіць Пана Езуса, Марыю і іншага чалавека.
Аўтобусная пілігрымка першакамунійных дзяцей у санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі ў Тракелях стала ўжо традыцыяй. Яна адбываецца кожны год на заканчэнне Белага тыдня.
Кс. Юрый Марціновіч