Skip to main content

Перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай прайшла ў Іўі

iue 4У Гродзенскай дыяцэзіі з нагоды 100-годдзя аб’яўленняў Маці Божай у партугальскай Фаціме трывае перэгрынацыя фігуры Найсвяцейшай Панны Марыі. 11-13 чэрвеня фігура наведала парафію Свв. апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі.

Вернікі гэтай парафіяльнай супольнасці з вялікай радасцю і ўзрушанасцю віталі сваю нябесную Маці, якая прыбыла да іх у фацімскай фігуры.

Як адзначае ў размове з grodnensis.by пробашч парафіі кс. Ян Гавецкі, для вернікаў яго парафіяльнай супольнасці гэта быў асаблівы час моцы і ласкі. “Вернікі ў гэтыя хвіліны, якія Марыя правяла ў нашай святыні, спазналі Яе незвычайную духоўную прысутнасць. Гэта так, як быццам бы былі ў санктуарыі ў Фаціме”, - кажа святар.

Парафіяне трывалі на малітве перад фігурай, асабліва на ружанцовай, да якой сама Марыя заахвочвала фацімскіх дзяцей і ўсё чалавецтва сто гадоў таму.

Яны прадстаўлялі Найсвяцейшай Маці ўсе свае справы: і цяжкія, і радасныя. Таксама яны ўдзельнічалі ў святых Імшах, якія цэлебраваліся ў гэты час.

Трэба спадзявацца, што сустрэча з нябеснай Маці сапраўды пераменіць парафію, бо гэта была вялікая падзея ва ўсім Іўі. Аднак належыць памятаць, што найважнейшыя плёны перэгрынацыі нябачныя для вока, бо здзяйсняюцца ў сэрцах.

Час прабывання фігуры ў іўеўскай парафіі прайшоў вельмі хутка. Затым фігура скіравалася да вернікаў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дудах, дзе была таксама вельмі сардэчна прынята парафіянамі…

Кс. Юрый Марціновіч