12 чэрвеня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе вернікаў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дудах.
На пачатку Эўхарыстыі пробашч парафіі кс. Вячаслаў Матукевіч прывітаў шаноўнага госця, затым кандыдаты папрасілі біскупа аб удзяленні сакрамэнту хрысціянскай сталасці.
У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, нагадаў усім прысутным, а асабліва прымаючым сакрамэнт канфірмацыі, што вучань Хрыста пакліканы не толькі да таго, каб не чыніць зла, але і да таго, каб любіць.
Святар адзначыў, што чалавек, які рашыўся на жыццё паводле Евангелля Хрыста, павінен быць не толькі Яго вучнем, але і місіянерам, значыць тым, хто сее любоў вакол сябе. Па словах кс. Марціновіча, менавіта Дух Святы, якога чалавек прымае ў сваё жыццё ў канфірмацыі, умацоўвае ў гэтай дзейнасці.
На заканчэнне ўрачыстасці біскуп Аляксандр Кашкевіч звярнуўся да тых, хто быў узбагачаны сямю дарамі Духа Святога. Іерарх нагадаў, што сённяшні свет мае патрэбу ў сведчанні аб Хрысце – не мностве пустых словаў, але праўдзівасці канкрэтных учынкаў. Біскуп заклікаў усіх быць місіянерамі ў сваім асяроддзі.
JM