Skip to main content

Біскуп Кашкевіч прыняў удзел у пасвячэнні новага Мітрапаліта Беластоцкага

u belastoku 510 чэрвеня ў Беластоку (Польшча) адбыліся ўрачыстасці біскупскага пасвячэння і інгрэсу ў архікатэдру новага арцыбіскупа Мітрапаліта Беластоцкага Тадэвуша Войды SAC. Узначаліў літургію і ўдзяліў пасвячэнне кардынал Фернандо Філоні, прэфект Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў.

Ва ўрачыстасцях прыняў удзел біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Ад імя ўсіх, хто ўтварае Касцёл на Гродзеншчыне, іерарх перадаў самыя сардэчныя віншаванні новаму Мітрапаліту Беластоцкаму. Біскуп падкрэсліў таксама, што Беластоцкая архідыяцэзія мае шмат супольнага з Гродзенскай дыяцэзіяй, бо ёй належаць тыя самыя карані, што выходзяць з Віленскага Касцёла.

Падчас літургіі арцыбіскуп Эдвард Азароўскi, які сыходзіць на пенсію, перадаў новаму Мітрапаліту Войду гістарычны пастарал, з якім прыбыў у Беласток у 1945 г. Мітрапаліт Віленскі Рамуальд Ялбжыкоўскі. Такім чынам новы арцыбіскуп быў уключаны у гісторыю Віленскай архідыяцэзіі і Беластоцкай архідыяцэзіі, якая з’яўляецца яе працягам.

У слове на заканчэнне літургіі арцыбіскуп Тадэвуш Войда падзякаваў усім прысутным на гэтай адметнай урачыстасці і ўдзяліў пастырскае благаслаўленне.

12 красавіка Святы Айцец Францішак прызначыў кс. Тадэвуша Войду, які з 1990 г. нёс паслугу ў Рыме, у Папскай місіі па распаўсюджванні веры і Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў, Мітрапалітам Беластоцкім, адначасова ўзвышаючы да годнасці арцыбіскупа.

u belastoku 10

Новы Мітрапаліт Тадэвуш Войда з'яўляецца палатынам, мае 60 гадоў. Ён замяніў абп. Эдварда Азароўскага, які нёс служэнне ў якасці арцыбіскупа Мітрапаліта Беластоцкага з 2006 г.

Кс. Юрый Марціновіч