Skip to main content

Дзень засяроджання напярэдадні канікул прайшоў у Гродзенскай ВДС

wds grodna 18 чэрвеня клерыкі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне перажывалі апошні дзень засяроджання ў бягучым навучальным годзе. Кожны семінарыст меў магчымасць зрабіць для сябе рахунак сумлення адносна таго, як выкарыстаў дадзены Богам час на здабыванне ведаў і іншых духоўных каштоўнасцей.

Невыпадкова сёлетнія духоўныя практыкаванні супалі са святам Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара. Разважаючы над Пасланнем да Габрэяў падчас літургіі, семінарысты спрабавалі адказаць сабе на пытанне: “Ці сапраўды Хрыстос з’яўляецца для іх узорам святарства, да якога кожны з іх імкнецца?”

Аднавіць свае адносіны з Езусам, глыбей пазнаць саміх сябе, паглядзець на сваё жыццё з адлегласці навучэнцам дапамагаў кс. Віталій Дабраловіч, дырэктар Нацыянальнага "Карытас". Падчас духоўных практыванняў рэкалекцыяніст уводзіў будучых святароў у Таямніцу Святой Тройцы, спазнанне якой будзе адбывацца толькі праз цеснае супрацоўніцтва з Божай ласкай.

"Семінарыйная супольнасць ад усяго сэрца дзякуе кс. Віталію за тое, што знайшоў час, каб падзяліцца ўласным досведам перажывання блізкасці Пана ў штодзённым жыцці і дапамог аднавіць смак сапраўднага святарскага служэння", - адзначыў адзін з клерыкаў. 

Тэкст: кл. Яўген Амосенак 

Фота: кл. Андрэй Юхнік