7 чэрвеня ў касцёле Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскі) у Гродне адбылася пахавальная св. Імша ў інтэнцыі кс. Яна Шуткевіча, які шмат зрабіў у справе аднаўлення касцёлаў у Беларусі. Апошнія гады свайго жыцця ён нёс паслугу ў Вільні (Літва), дзе выконваў абавязкі рэктара і рэзідэнта касцёла св. Барталамея. Сёння ў гэтай святыні праходзяць набажэнствы для беларускай дыяспары па-беларуску.
Св. Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У літургіі таксама прыняў удзел біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, святары з Гродзенскай, Віцебскай дыяцэзій і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуўся да біяграфіі памерлага святара, які, як адзначыў, "з вялікай адданасцю служыў Касцёлу ў Беларусі і Літве". Іерарх падкрэсліў, што пахаванне адбываецца ў Гродне, бо кс. Ян Шуткевіч был асаблівым чынам звязаны з гэтым горадам. Што праўда, ён нарадзіўся ў сям’і графа Тышкевіча пад Вільнюсам. Аднак пасля таго, як cавецкія салдаты забілі яго бацьку, маці з малым сынам Янам схавалася ў Гродне, які стаў месцам іх жыхарства. Пахавалі святара на гродзенскіх могілках, каля ягонай маці, з якой святар на працягу ўсяго жыцця падтрымліваў моцную сувязь.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч дадаў, што святар служыў усім народам і культурам, нікога не дзяліў, але ахвяраваўся і беларусам, і палякам, і літоўцам.
У гісторыю Касцёла ў Беларусі ўвайшоў як выдатны рэстаўратар, бо асаблівым клопатам атачаў святыні: аднаўляў іх, адбудоўваў. "Да памерлага святара часта звярталіся за парадай, як ратаваць касцёл ад знішчэння або як яго аднаўляць", - дадаў Мітрапаліт.
"Ты пакінуў пасля сябе вялікі след, бачны ў адноўленых святынях Беларусі і Літвы", - адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Падчас Імшы ўсе прысутныя ў касцёле дзякавалі Пану за дар гэтай асобы, якую Божы Провід накіраваў служыць Касцёлу ў Беларусі, і маліліся ў інтэнцыі вечнага супакою душы памерлага.
Ксёндз Ян Шуткевіч нарадзіўся 3 ліпеня 1932 года.
Фармацыю да святарства праходзіў у Каўнаскай духоўнай семінарыі. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 16 ліпеня 1983 года. З 1987 г. па 1994 г. быў пробашчам парафіі Св. Апостала Андрэя ў Лынтупах. Дзякуючы яго намаганням, быў адноўлены касцёл Св. Антонія Падуанскага ў Паставах. У гэтым самым часе служыў у парафіі ў Камаях і ў Лучаі. Адбудаваў капліцы ў Груздове, Маньковічах, Мегунах.
У 1994-1997 гг. выконваў абавязкі пробашча мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і прычыніўся да яе рэстаўрацыі.
Адышоў у вечнасць 4 чэрвеня пасля працяглай хваробы на 85-м годзе жыцця ў Вільнюсe.
Тэкст: кс. Юрый Марціновіч
Фота: Ангеліна Пакачайла