3 чэрвеня ў сваёй роднай парафіі Божай Міласэрнасці (Маладзёжны) у Лідзе прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў дыякан Яўген Ціхан. Пасвячэнне ўдзяліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
Гэта першы выпускнік Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, які атрымаў пасвячэнне з рук біскупа Станеўскага. На пасвячэнне прыбыло каля 20 святароў, семінарысты і мадэратары ГДС, родныя і шматлікая парафіяльная сям'я.
У гаміліі біскуп падкрэсліў важнасць Хатняга Касцёла, які, напэўна, быў рэалізаваны ў сям'і новага святара, бо і яго родная сястра знаходзіцца ў Кантэмпляцыйным ордэне.
Іерарх адзначыў, што прыняцце пасвячэння – радасны момант не толькі для самога прэзбітэра і яго сям’і, але і для ўсяго Касцёла. Біскуп заахвоціў хлопцаў і дзяўчат да адважнага адказу на Божы заклік.
Урачыстасць пасвячэння мела багатую сімволіку і значэнне. Пасля малітвы пасвячэння, якой папярэднічаў спеў Літаніі да Усіх Святых, калі кандыдат ляжаў перад алтаром крыжам, пасля ўскладання рук на яго галаву, намашчэння далоняў алеем хрызма, уручэння патэны і імшальнага келіха, а таксама перадачы знаку супакою новапрэзбітэр далучыўся да алтара, дзе разам з біскупам і святарамі здзяйсняў першую ў жыцці Эўхарыстыю.
Віншаванні новапрэзбітэру склалі прадстаўнікі Легіёну Марыі, да якога належаў і ў жыцці якога актыўна ўдзельнічаў кс. Яўген.
Ксёндз Яўген Ціхан нарадзіўся 18 верасня 1986 г. Дыяканскае пасвячэнне прыняў 4 чэрвеня 2016 г. у гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя з рук біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча.
Томаш Мікалайчык, семінарыст