Адной са складаючых частак праграмы VII Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці, які праходзіў ў Гродне 1 чэрвеня, сталі забавы ад Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Удзельнікі сустрэчы маглі ўбачыць цудоўнае прадстаўленне працаўнікоў дзяржаўнай службы. Дзецям выпала магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі служачага МНС, апрануўшы працоўную форму. Зацікавіла дзяцей таксама дэманстрацыя таго, як лёгка можна разрэзаць метал. Апрануўшы каску і прыклаўшы да рукі спецыяльны інструмент, хлопцы і дзяўчаты спрабавалі выконваць працу дарослых.
Самым захапляючым момантам стала прадстаўленне з вадой. Самыя смелыя ўдзельнікі дыяцэзільнай сустрэчы не пабаяліся апынуцца пад вадой, што прыносіла ім вялікае задавальненне.
Сёлетні Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці, які сабраў каля 2400 удельнікаў з розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі і прадстаўнікоў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, прайшоў пад дэвізам "Марыя – наша Маці – аб'явілася дзіцяці". Арганізатары прапанавалі дзецям цэлы набор цікавых рэчаў, найперш малітву, Эўхарыстыю, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, мноства забаваў, музыкі, гульняў, конкурсаў, тэатральную інсцэніроўку.
Конкурс малюнкаў, маляванне на твары, лепка з гліны, пластыліну, батуты, забавы для самых маленькіх — толькі некаторае з таго, што было на сустрэчы.
Анастасія Мішкура