Skip to main content

У шчучынскай парафіі адбылося заканчэнне катэхетычных заняткаў і развітанне з выпускнікамі

szczuczyn katehet god 2528 мая ў парафіі Св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне, дзе служаць айцы піяры, адбылося афіцыйнае заканчэнне навучальнага і катэхетычнага года. Пасля супольнай Эўхарыстыі выпускнікі перадалі фігурку св. Юзафа Каласанса, які з’яўляецца асаблівым апекуном дзяцей і моладзі шчучынскай парафіі, сваім малодшым калегам. Гэта шматгадовая традыцыя, якая сімвалізуе вернасць усім духоўным багаццям, атрыманым за гады катэхетычных заняткаў пры парафіі. Галоўнай урачыстасці папярэднічала некалькі падзеяў.

21 мая для навучэнцаў 11-ых класаў быў арганізаваны пагодны вечар, падчас якога молaдзі былі ўручаны пасведчанні аб заканчэнні катэхетычных заняткаў. У сваю чаргу навучэнцы 10-ых класаў 24 мая дзякавалі Богу за сакрамэнт канфірмацыі, які прынялі ў мінулым годзе. Пасля св. Імшы яны мелі магчымасць прыняць удзел у розных конкурсах і забавах. 

27 мая адбылося падвядзенне вынікаў дзейнасці розных парафіяльных груп. Моладзь, назіраючы за паводзінамі і здольнасяцмі сваіх сяброў, выбрала найлепшага міністранта і харыстку года. Пасля супольнай Эўхарыстыі для членаў літургічнай службы алатара, хору "Calasanz" і іх бацькоў была арганізавана сустрэча каля вогнішча і ўручэнне ўзнагарод. 

Тэкст: а. Віталь Слука

Фота: Людміла Казлова