20 мая біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у атачэнні святароў і шматлікіх вернікаў унёс рэліквіі ў парафіяльную святыню Узвышэння Святога Крыжа ў Быстрыцы.
Вернікі сустрэлі біскупа ля прыдарожнай каплічкі, а затым прайшлі ў працэсіі да парафіяльнай святыні, спяваючы па дарозе Ларэтанскую літанію.
У касцёле адбылася ўрачыстая святая Імша, падчас якой іерарх асаблівым чынам маліўся праз заступніцтва бл. Міхала Гедройца ў інтэнцыі ўсіх вернікаў гэтай супольнасці, найперш аб глыбокай веры для ўсіх. Благаслаўлёны Міхал Гедройц паходзіць з гэтых земляў, там ён нарадзіўся амаль 600 гадоў таму.
"Сын гэтай зямлі пасля столькіх гадоў вяртаецца да сябе, каб быць сярод сваіх”, - адзначыў на пачатку літуріі біскуп. Па словах іерарха, гэты дзень павінен стаць памятынм для ўсіх, бо праз факт унясення рэліквій у святыню вернікі абіраюць сабе новага апекуна, да якога трэба звяртацца ў розных патрэбах душы і цела.
Біскуп дадаў, што з нашай зямлі выйшла шмат святых і благаслаўлёных, якіх Касцёл узнёс на алтар і якія для сучасных людзей павінны стаць узорам для наследвання і годнага хрысціянскага жыцця.
У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, адзначыў, што благаслаўлёны, які з’яўляецца асаблівым апекуном хворых і сакрыстыянаў, паходзіць, верагодна, з аднаго з найбольш знакамітых літоўскіх княжацкіх родаў. Нягледзячы на тое, што ён належыць да малавядомых благаслаўлёных і святых, ён вучыць сучаснага чалавека вельмі многаму.
Пасля таго, як пакінуў гэтыя землі, благаслаўлёны Міхал накіраваўся ў Кракаў, дзе ўступіў у супольнасць рэгулярных канонікаў ад пакаяння і там заставаўся да канца жыцця, служачы ў касцёле св. Марка як сакрыстыянін.
Ён быў вядомы сваёй вялікай сціпласцю, пакорай і схільнасцю быць у ценю. Жыў здалёк ад віру жыцця. Дні і ночы праводзіў на малітве і сузіранні, быў аскетам, бічаваў сябе, пасціўся.
Праца сакрыстыяніна давала благаслаўлёнаму Міхалу таксама магчымасць кантакту з людзьмі і практыкавання любові да бліжняга. Кульгавы, нізкарослы манах прыцягваў людзей такіх, як ён, з абмежаванымі магчымасцямі, бедных, якія маюць патрэбу ў падтрымцы, парадзе і малітве.
Ён не адмаўляў нікому, хто быў у патрэбе. Яго атачалі любоўю і павагай. Ён памёр у стане святасці, пасля прыняцця Эўхарыстыі, на каленях з малітвай на вуснах 4 мая 1485 г.
"Благаслаўлёны Міхал Гедройц вучыць нас сёння трываць у Божай прысутнасці і спаўняць маленькія рэчы вялікім спосабам”, - сказаў у гаміліі кс. Юрый Марціновіч, дадаўшы, што сёння трэба пазнаваць жыццяпісы святых, бо яны вучаць таму, чаму самі навучыліся, і дзеляцца тым, што самі атрымалі.
Пробашч парафіі кс. Казімір Ляховіч выказаў надзею, што з гэтай хвіліны культ гэтага вялікага благаслаўлёнага будзе яшчэ больш развівацца ў парафіі, а вернікі свае інтэнцыі і просьбы будуць даручаць Богу праз заступніцтва благаслаўлёнага. Таксама святар падзякаваў усім за ўдзел ва ўрачыстасці, якая завяршылася ўшанаваннем рэліквій праз уцалоўванне.
JM