15 мая ў межах кананічнай візітацыі Дзятлаўскага дэканату біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць Маці Божай Анёльскай у Падвялікім.
Невялікая парафіяльная супольнасць, якая налічвае 20 чалавек, сабралася ў святыні, з радасцю вітаючы свайго пастыра. Пробашч парафіі кс. Андрэй Пышынскі, звяртаючыся да шаноўнага госця, адзначыў, што візіт гродзенскага ардынарыя ў іх святыню з’яўляецца сапраўдным святам для ўсёй супольнасці. Да гэтай падзеі вернікі рыхтаваліся доўгі час.
Біскуп узначаліў святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх вернікаў, якія належаць да гэтай парафіі. Найперш іерарх маліўся аб моцнай веры для кожнага. У Імшы ўдзельнічалі таксама дэкан Дзятлаўскага дэканату кс. Ян Балтрукевіч і пробашч парафіі ў Бярозаўцы кс. Андрэй Радзевіч.
Біскуп заклікаў вернікаў далей трываць пры навуцы Езуса Хрыста і быць вернымі сведкамі Уваскрослага Пана. Іерарх падзякаваў парафіянам за іх прывязанасць да Касцёла і шчырую малітву, якую яны ўзносяць да Бога. Гродзенскі ардынарый заахвоціў вернікаў добра выкарыстаць фацімскае пасланне, у якім Маці Божая заклікае да малітвы, навяртання і посту.
Кананічная візітацыя стала для вернікаў добрай нагодай разам узнесці малітвы, а таксама паразмаўляць са сваім ардынарыем.
Кс. Юрый Марціновіч