13 мая гродзенскі хор "Cantate Domino" выступіў з канцэртам падчас урачыстасцяў 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў Плоцкай дыяцэзіі, якія адзначаліся ў Цеханове (Польшча).
Гродзенскі хор са сваім кіраўніком Генрыхам Давідовічам прыбыў на ўрачыстасці па запрашэнні пробашча парафіі Маці Божай Фацімскай у Цеханове кс. каноніка Яна Юзвяка.
У праграме ўрачыстасцяў была працэсія з фігурай Маці Божай Фацімскай, супольная ружанцовая малітва з удзелам розных станаў вернікаў (між іншым дзеці, моладзь, сем’і, Колы Жывога Ружанца). Таксама шматлікія ўдзельнікі маглі пазнаёміцца з гісторыяй святыні, апекуном якой з’яўляецца св. Ян Павел ІІ.
Фацімскія ўрачыстасці ў Цеханове ўзначаліў біскуп Плоцкі Пётр Лібера, які разам з дапаможным біскупам Міраславам Мілеўскім і дыяцэзіянамі здзейсніў акт даручэння ўсёй Плоцкай дыяцэзіі Беззаганнаму Сэрцу Маці Божай.
Вянцом дыяцэзіяльных святкаванняў 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў стаў менавіта канцэрт хору "Cantate Domino", які выканаў творы на розных мовах. З вялікай сардэчнасцю духавенства і вернікі прынялі гродзенскіх харыстаў, узнагародзіўшы іх гучнымі воплескамі.
Кс. Юрый Марціновіч