13 мая, роўна ў 100-ю гадавіну аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме, у парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Зарачанцы (Баля Касцёльная) адбыліся ўрачыстасці падзякі за гэты юбілей.
Вернікі парафіі ў гэты дзень дзякавалі Богу і ўсім ахвярадаўцам за аднаўленне іх парафіяльнай святыні звонку. Рамонтныя працы працягваліся год.
На ўрачыстасці прыбылі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі, святары, шматлікія вернікі і госці парафіі.
Свята пачалося перад касцёлам, дзе біскуп Кашкевіч прачытаў спецыяльную малітву і акрапіў асвячанай вадой адноўлены касцёл і вернікаў. Затым прысутныя прайшлі ў працэсіі з фігурай Маці Божай Фацімскай, культ якой у парафіі актыўна развіваецца ў апошнія гады.
Падчас працэсіі, калі аркестр выконваў песні ў гонар Маці Божай, вернікі дзякавалі Панне Марыі за Яе прыйсце ў свет і Яе пасланне, якое таксама і ў наш час застаецца актуальным і скіравана да кожнага чалавека: малітва, пост, навяртанне.
Святую Імшу ў інтэнцыі ўсёй парафіі ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. Вітаючы гасцей, пробашч парафіі кс. Віктар Мыслюк адзначыў, што гэта ўрачыстая хвіліна для парафіі, якая абрала сваёй асаблівай апякункай Найсвяцейшую Панну Марыю. Святар у прысутнасці гродзенскага ардынарыя падзякаваў сваім парафіянам за іх вялікую ахвярнасць у аднаўленні касцёла і прывязанасць да традыцыі.
З гаміліяй звярнуўся да прысутных біскуп Юзаф Станеўскі, які заахвоціў шанаваць прысутнасць Найсвяцейшай Панны Марыі сярод нас, бо Яна з’яўляецца жывой манстранцыяй Езуса Хрыста, якога насіла ў сабе, якога выхавала разам з Юзафам, а сёння Яна – Каралева неба і зямлі.
Іерарх дадаў, што, калі людзі прымуць заклік Марыі і навернуцца да Бога, то ў іх сэрцах, дамах, сем’ях і месцах працы запануе сапраўдны мір.
"Адзінай непераадольнай перашкодай для Езуса з’яўляецца наша чалавечая свабода. Чалавек можа адкінуць Бога і часта робіць гэта. Выкарыстаем жа дары Бога”, - заклікаў біскуп.
Урачыстае святкаванне сотай гадавіны фацімскіх аб’яўленняў у зарачанскай парафіі стала добрай нагодай да распачацця ў гэтай супольнасці перэгрынацыі фігуры Маці Божай. У гэты дзень фігура вырушыла да першай сям’і, затым наведае ўсе іншыя сем’і парафіі. Як адзначыў кс. Віктар Мыслюк, гэта павінна стаць асаблівай сустрэчай кожнага члена сям’і з Найсвяцейшай Паннай Марыяй. Гэта будзе час выразу ўдзячнасці Богу праз рукі Марыі, час асабістай малітвы і скіроўвання просьбаў да Яе.
Падсумоўваючы ўрачыстасці, біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў усім за дар супольнай малітвы ў гэты выключны, марыйны дзень, а таксама пажадаў, каб фацімскае пасланне, якое скіроўваецца да ўсяго Касцёла, было прынята ўсімі вернікамі Гродзенскай дыяцэзіі. Іерарх заклікаў да адвагі, каб без усялякага страху ўстаць на шлях евангельскага аднаўлення жыцця, пакаяння і малітвы за навяртанне тых, хто памыляецца.
“Каб Пан Бог даў нам ласку адвагі для вялікага духоўнага аднаўлення. Няхай ніколі не будзе ў нас усіх недахопу ў жывой веры і трываласці”, - дадаў біскуп.
Кс. Юрый Марціновіч