Роўна ў 100-ю гадавіну аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме, 13 мая, пачалася перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай у Гродзенскай дыяцэзіі. Урачысты пачатак меў месца ў санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Шчучыне.
Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч абраў Шчучын месцам пачатку перэгрынацыі невыпадкова, бо гэта адзіны санктуарый Маці Божай Фацімскай у Гродзенскай дыяцэзіі. З пачатку 90-х гадоў менавіта тут пачаў актыўна развівацца культ Маці Божай Фацімскай. Шматлікія вернікі з таго часу рэгулярна ўдзельнічаюць у фацімскіх набажэнствах, якія арганізаваны ў святыні.
Асаблівай увагі заслугоўвае і фігура Маці Божай Фацімскай, асвечаная Папам Янам Паўлам ІІ, якая тады была змешчана ў гэтай святыні.
Фацімскае пасланне актуальнае і сёння
Урачысты пачатак перэгрынацыі адкрыўся канферэнцыяй на тэму “Актуальнасць культу Маці Божай Фацімскай”, якую прамовіў да шматлікіх прысутных з розных парафій дыяцэзіі a. д-р Віталій Сярко SP.
На пачатку святар адзначыў, што, каб вытлумачыць тэму даклада, трэба перш за ўсё нагадаць падзеі з Фацімы ў храналагічным парадку. Таму што словы, якія гучалі з вуснаў Маці Божай і анёла 100 год таму, не губляюць свайго значэння таксама сёння. Айцец Сярко нагадаў аб тым, што дакладна адбывалася у Фаціме з 13 мая да 13 кастрычніка 1917 года.
"Фацімскі духоўны запавет актуальны і праз 100 гадоў пасля аб’яўленняў Маці Божай", - адзначыў а. Віталій. Святар таксама вылучыў яго галоўныя тэмы. Па-першае, гэта маліцца, ахвяраваць і пакутаваць за ўласныя грахі, а таксама ў інтэнцыі навяртання грэшнікаў. Па-другое, як мага часцей маліцца на ружанцы. Па-трэцяе, аддаць сябе апецы Найсвяцейшай Панне Марыі. Па-чацвёртае, пашыраць і паглыбляць пашану да Марыі і Яе Беззаганнага Сэрца, асабліва перажываючы першыя суботы месяца на хвалу Беззаганнага Сэрца Маці Божай.
Потым вернікі трывалі на малітве перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Гэта быў асаблівы час выражэння Богу ўдзячнасці за ўсе ласкі, якія атрымалі вернікі праз рукі Маці Божай. Яны дзякавалі і за фацімскае пасланне, якое Марыя сто гадоў таму скіравала да чалавецтва і якое таксама сёння актуальнае і скіравана да кожнага. Панна Марыя, сапраўды, нічога новага тады не выдумала, але нагадала свету аб тым, аб чым чалавек у віры штодзённага жыцця вельмі часта забывае.
Святую Імшу, падчас якой была асвечана фігура Маці Божай Фацімскай, што распачынае наведванне ўсіх парафій дыяцэзіі, узначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. Прысутнічалі таксама дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі, святары, сёстры законныя.
Вітаючы ўдзельнікаў літургіі, кусташ санктуарыя а. Вітальд Пяцельчыц SР адзначыў, што ў Шчучыне надзвычай жывы культ Маці Божай Фацімскай, бо вернікі, збіраючыся ў святыні, вельмі часта моляцца праз заступніцтва Панны Марыі. Па словах святара, для іх вялікі гонар, што перэгрынацыя пачынаецца са Шчучына і далей вырушвае ў дыяцэзію.
Фаціма заахвочвае да перамянення сэрцаў
У гаміліі біскуп Юзаф Станеўскі нагадаў найважнейшы сэнс фацімскага паслання, якое заахвочвае кожнага чалавека да нястомнага навяртання, вяртання да крыніцы, якой павінен стаць Пан Бог.
Іерарх заўважыў, што “сёння чалавецтва і свет з’яўляюцца сведкамі барацьбы паміж дабром і злом – той барацьбы, якую кожны з нас вядзе ў сабе, у сваім сэрцы, у сваім сумленні”. Спіхваючы Бога на ўзбочыну, чалавек, па словах біскупа, не можа дасягнуць шчасця, а наадварот – скіроўваецца да самазнішчэння. Іерарх між іншым нагадаў, што кожны пакліканы да жыцця з Богам, а таксама нагадаў пра канчатковую мэту кожнага чалавека, якой павінна стаць уласнае збаўленне.
На заканчэнне літургіі да прысутных звярнуўся біскуп Аляксандр Кашкевіч, які выказаў пажаданне, каб гэтая ўзнёслая падзея, якой з’яўляецца наведванне Маці Божай парафій дыяцэзіі ў фацімскай фігуры, стала найперш выразам удзячнасці Богу праз Марыю за адраджэнне веры і жыцця Касцёла на нашых землях, за адбудаваныя святыні, за перамяненне чалавечых сэрцаў і сумленняў і за ўсе іншыя ласкі, якія сталі ўдзелам вернага люду.
"Прымем гэтую перэгрынацыю ў духу навяртання, перапрашэння і пакаяння за тое, што ў нашым асабістым і грамадскім жыцці не заўсёды ідзём за голасам Божым”, - заклікаў біскуп. Іерарх пажадаў, каб гэтая перэгрынацыя, якая з’яўляецца своеасаблівым узрушэннем дыяцэзіі, паспрыяла паглыбленню веры, надзеі і любові, узрастанню марыйнай пабожнасці, лепшаму пазнанню і прыняццю фацімскага паслання і навяртанню сэрцаў.
Урачыстасць завяршылася фацімскім набажэнствам, падчас якога памяталі ў малітве аб усіх, хто ўтварае Касцёл на Гродзеншчыне, а таксама працэсіяй з фігурай Маці Божай, якая менавіта з гэтай хвіліны пачала сваю вандроўку праз гарады і вёскі дыяцэзіі.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Кінга Красіцкая