Skip to main content

Біскуп Юзаф Станеўскі ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі моладзі парафіі ў Каробчыцах

karobczycy kanfirmacyja 18 мая, у адпустовую ўрачыстасць св. Станіслава, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі моладзі парафіі Свв. Станіслава, біскупа, і Максімільяна Кольбэ ў Каробчыцах.

Сакрамэнт хрысціянскай сталасці прынялі 20 чалавек. На ўрачыстай Імшы разам з прымаючымі сакрамэнт і сведкамі сабраліся іх родныя.

Падчас урачыстай літургіі біскуп запытаўся ў пробашча кс. Яна Рушніцкага, ці годныя маладыя людзі прыняць гэты сакрамэнт і ці належным чынам падрыхтаваліся да яго. Пробашч пацвердзіў, а моладзь хорам папрасіла аб удзяленні, запэўніўшы, што жадае быць заўсёды гатовай даваць сведчанне веры і паступаць паводле яе прынцыпаў.

Біскуп заахвоціў маладых людзей, якія былі ўзбагачаны дарамі Духа Святога, адважна крочыць за голасам Хрыста і адказваць сваёй любоўю на Яго любоў, ставячы Яго ў цэнтр жыцця. Іерарх нагадаў, што Бог адзіны, што трэба Яго любіць усім сэрцам і любіць бліжняга, як самога сябе.

Кожны дар – гэта адначасова заданне. Атрыманая годнасць, прывілей, адрозненне ці адзнака заўсёды звязана з заданнем. Гэта абавязвае чалавека паказваць, што атрыманая годнасць не з’яўляецца памылкай.

Маладыя людзі, што прынялі сакрамэнт канфірмацыі, які таксама з’яўляецца заданнем, абавязаліся да пабожнага жыцця, апостальства, служэння бліжнім і ўдзелу ў літургіі для асвячэння і супольнага праслаўлення Бога.

Кс. Юрый Марціновіч