7 мая адбылася пілігрымка маці і ўсіх жанчын Ашмян у санктуарый Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных у Барунах. Дэвізам паломніцтва былі абраны словы з Евангелля паводле Яна "Вось Маці твая".
Атрымаўшы Божае благаслаўленне, маці вырушылі ў пілігрымку з ашмянскай святыні. Амаль усю дарогу да Маці Божай пілігрымаў суправаджаў дождж. Але, нягледзячы на дрэннае надвор’е, пайсці ў Баруны адважылася больш за 300 чалавек не толькі з Ашмянаў, але і з ваколіц, а таксама з Астраўца і Смаргоні. Адметнасцю гэтай пілігрымкі з’яўляецца факт, што ў ёй прымаюць удзел толькі жанчыны. Мамы дзякавалі за свае сужэнствы і дзяцей і выпрошвалі патрэбныя ласкі для іх, а маладыя дзяўчыны маліліся аб шчаслівым сужэнстве для сябе і выбары жыццёвага шляху.
Жанчынам спадарожнічалі навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Пілігрымка распачалася традыцыйным спевам Гадзінак да Найсвяцейшай Панны Марыі, потым па дарозе ўдзельники спявалі пілігрымкавыя песні (моладзь нават паспявала патанцаваць), памаліліся на ружанцы і Вяночкам да Божай Міласэрнасці.
На шляху да Барунаў пілігрымы сустрэліся з вялікай ветлівасцю людзей: жыхары вёсак выходзілі са сваіх дамоў, каб пажадаць шчаслівай дарогі, дзеці з радасцю махалі ручкамі, а машыны падсігнальвалі, праязджаючы міма. А ў весцы Куцэвічы пілігрымаў чакаў маленькі сюрпрыз: жыхарка вёскі прыгатавала для іх смачныя пончыкі і канапкі.
Пасля пачастунку ўдзельнікі пілігрымкі зноў вырушылі ў дарогу, слухаючы канферэнцыю кс. Віталія Сідоркі, прэфекта гродзенскай семінарыі. У сваёй прамове святар звярнуў увагу на годнасць жанчыны ў Касцёле і грамадстве і статус маці ў сужэнстве. Ксёндз Віталій прыгадаў словы адгартацыі Папы Францішка “Amoris Laetitia”, прапануючы будаваць “хатні Касцёл”, дзе ў першую чаргу нараджаецца малады католік.
А сумаваць удзельнікам не даваў арганізатар пілігрымкі кс. Павел Паўлюкевіч, які падбадзёрваў іх усю дарогу.
З добрым настроем, прытанцоўваючы і спяваючы марыйныя песні, пілігрымы ўвайшлі ў Баруны, зайшлі ў святыню і памаліліся перад абразом Маці Божай. Пасля гэтага іх чакала цёплая гарбата і адпачынак, пасля якога яны прынялі ўдзел у маёвым набажэнстве.
Кульмінацыяй пілігрымкі стала святая Імша, якую ўзначаліў дэкан Ашмянскага дэканату кс. канонік Ян Пузына. Святыня была запоўнена вернікамі парафіі, пілігрымамі і гасцямі, якія прыехалі здалёк.
У гаміліі кс. Віталій Сідорка распавёў пра ўрачыстасць Хрыста – Добрага Пастыра, якая якраз прыпала на гэты дзень, а таксама аб клопаце Маці Божай аб сваіх дзецях. Пасля Імшы пілігрымы з добрым настроем і ўсмешкамі вярнуліся дадому.
Ва ўсіх удзельнікаў засталіся вельмі добрыя і прыгожыя ўражанні ад гэтай пілігрымкі, падчас якой можна было ўбачыць жывую веру Касцёла, убачыць у людзях прагненне Бога і вялікую радасць, а таксама ветлівасць і добразычлівасць.
Ужо традыцыйна больш за дзесяць гадоу ў першую нядзелю мая прыпадае Дзень маці. У гэты дзень ва ўсіх святынях і капліцах вернікі моляцца за маці, якія перадаюць жыццё новым людзям. Малітвамі агортваюць усіх жывых маці, з просьбай аб Божым бласлаўленні, а для памерлых моляцца аб жыцці вечным у небе.
Андрэй Юхнік, навучэнец першага курса ВДС у Гродне