Skip to main content

"Яны «зарадзілі» горад каталіцкім духам". Арганізатары і ўдзельнікі ДДМ дзеляцца ўражаннямі ад сустрэчы

ddm kanec 4Уражаннямі ад таго, як прайшлі ДДМ у Навагрудку - горадзе, які на гербе мае выяву св. Міхала Арханёла, правадыра анельскай арміі Хрыста - дзеляцца ўдзельнікі і арганізатары моладзевай сустрэчы.

Вераніка Масюкевіч, парафія Святой Сям’і ў Лідзе

apytanka 1

Штогод Дыяцэзіяльныя дні моладзі праходзяць для мяне па-рознаму, але кожны раз яны падсілкоўваюць маю веру. Мне хочацца рухацца наперад і распавядаць паўсюль пра ўсемагутнасць нашага Пана.

На сёлетняй сустрэчы я адкрыла для сябе шмат новых рэчаў. Напрыклад, зразумела, што ахвяра не абавязкова павінна быц гераічнай. Здзяйсняць маленькія ахвяры можна штодня: у школе, дома, на прагулцы з сябрамі. І гэта будзе самы шчыры выраз любові да Бога і бліжняга. 

Кірыл Дзеш, парафія Адшукання Святога Крыжа ў Гродне

apytanka 3

Я заўсёды любіў тую атмасферу, якая пануе падчас ДДМ. Люблю гэтае пачуццё Божай ласкі і ўзвышанасці. Сустракаць сваіх знаёмых, сяброў і бачыць, што яны гэтак жа, як я, праслаўляюць Бога - вялікая радасць. Важным з'яўляецца і тое, што падобныя мерапрыемствы неверагодна аб'ядноўваюць моладзь.

Віялета Эйсмант, парафія НПМ і св. Яна Непамука ў Вялікіх Эйсмантах

apytanka 2

Сёлетнія ДДМ прынеслі мне шмат радасці, новых знаёмстваў і пазітыўных уражанняў. Нягледзячы на непагоду, усе актыўна ўдзельнічалі ў канцэртах, катэхезах і малітвах. Паўсюль адчувалася прысутнасць Бога. Было прыемна разумець, што мы сапраўды як адна вялікая сям'я трымаемся побач у моцных, але ўтульных абдымках Усявышняга.

Ядзвіга Сянкевіч-Лысая (адна з арганізатараў ДДМ), парафія св. Міхала Арханёла ў Навагрудку

apytanka 4

Мяне моцна ўсцешыў узровень культуры і каталіцкага выхаваня моладзі, якая прыбыла да нас. Яны не пакінулі пасля сябе ніводнай смяцінкі, актыўна і з усёй адказнасцю ўдзельнічалі ва ўсіх прапанаваных ім мерапрыемствах і "зарадзілі" каталіцкім духам увесь наш горад. 

Ад імя нашай касцёльнай супольнасці дзякую пробашчу кс. Юрыю Жэгарыну за тое, што згадзіўся на гэтую авантуру - прымаць у невялікай парафіі такую вялікую колькасць энергічай моладзі. Складаю словы падзякі і тым, хто прапанаваў правесці ДДМ у Навагрудку, за давер да нашай парафіі і магчымасць праверыць свае сілы.

***

Сёлета ў ДДМ прымала ўдзел каля 1500 чалавек. Акрамя моладзі з Гродзенскай вобласці сярод удзельнікаў сустрэчы былі прадстаўнікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі. Прысутнічала і група студэнтаў з Нігерыі, якія вучацца ў гродзенскіх ВНУ. 

Вікторыя Бурч