Св. Імшой у Батароўскім лесе каля Навагрудка завяршыліся ХХІV Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. Ушанаваць сясцёр назарэтанак на месцы іх апошняга спачынку маладыя вернікі прыбылі пешай пілігрымкай з цэнтра горада.
Літургію ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх пазнаёміў моладзь з гісторыяй гераічнай смерці сясцёр назарэтанак, якія падчас ІІ Сусветнай вайны аддалі сваё жыццё дзеля выратавання ад гібелі айцоў сямей з Навагрудка і мясцовага святара Аляксандра Зянкевіча.
"Учынак манахінь мучаніц з'яўляецца выразам ахвярнай любові, на якую не кожны адважыцца. Такая любоў патрабуе моцнай упэўненасці ў тым, што зямля не з'яўляецца апошнім прытулкам чалавека і што варта аддаць уласнае жыццё, каб выратаваць бліжняга і надзяліць яго моцнай верай у Валадарства Нябеснае", - адзначыў біскуп.
Ардынарый заклікаў моладзь карыстацца скарбам веры, які пакінулі сёстры мучаніцы і ўзбагачаць ім сваё паўсядзённае жыццё. "Важна, каб вы бралі з мінулага тое, што сапраўды мае вартасць і выкарыстоўвалі гэта дзеля будовы прыгожай гісторыі ўласнага жыцця, сям'і і краіны", - сказаў іерарх.
Біскуп Аляксандр таксама звярнуў увгау маладых людзей на тое, што чэрпаць натхненне можна не толькі з прыкладаў жыцця святых, але і тых, хто побач: сваіх бабуляў і дзядуляў. "Вы маеце ў сэрцы шмат мараў, але патрабуеце мудрасці старэйшых. Адкрыйце свае карані і прыміце эстафету ад асобаў , якія верылі і жылі перад вамі", - падсумаваў біскуп.
На месцы, пасвечаным крывёю 11-і мучаніц, моладзь мела магчымасць суцішыцца пасля бурлівага перажывання першых двух Дзён моладзі і разважыць, на чым базуецца іх вера і якімі ахвярамі поўніцца іх штодзённасць.
На заканчэнне ўрачыстых мерапрыемстваў апошняга Дня моладзі вернікі разам з арганізатарам ДДМ кс. Антоніем Грэмзам падзякавалі ксяндзу-пробашчу парафіі ў Навагрудку Юрыю Жэгарыну і навагрудчанам за годны прыём вялікай колькасці прыбылых хлопцаў і дзяўчат і за новаўвядзенне ў праграму ДДМ - паломніцтва да святога месца.
АМ
Фота: Вольга Сяліцкая