Чацвёртая велікодная нядзеля ў паўсюдным Касцёле называецца Нядзеляй Добрага Пастыра. У гэты дзень, 7 мая, удзельнікі ДДМ сабраліся на св. Імшы, каб маліцца аб новых пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця, а таксама аказаць духоўную падтрымку тым, хто ўжо прысвяціў сваё жыццё Хрысту.
Гамілію да прысутных скіраваў кс. Антоній Грэмза, душпастыр моладзі Гродзенскай дыяцэзіі.
Святар адзначыў, што кожная духоўная асоба ўспрымае пакліканне да служэння на ніве Пана як вялікі дар і прымае яго з вялікай радасцю. "Кожны, хто адчуў у сваім сэрцы заклік Хрыста і вырашыў адказаць Яму "так", не аказваў Езусу паслугу, але разумеў: усё, што мае - мае з Божай ласкі. Ласкай Пана з'яўляецца і тое, што ўсе мы разам сёння тут сабраліся", - дадаў кс. Антоній.
Душпастыр таксама падкрэсліў, што існуе адна рэч, якую Усемагутны здзейсніць не можа і папрасіў моладзь адказаць, што гэта за рэч? У святыні пачулася некалькі адказаў накшталт: "Бог не можа збавіць нас без нашага жадання і ўдзельніцтва". "Бог ніколі не зможа перастаць любіць нас. У гэтым і заключаецца сутнасць Добрага Пастыра", - сказаў кс. Антоній.
Напрыканцы гаміліі святар звярнуўся да прысутных у касцёле новапрэзбітэраў і адзначыў, што, каб стаць добрым душпастырам, неабходна быць блізка сваіх вернікаў і дзяліць з імі іх праблемы і радасці. "Жадаю вам знаходзіць вялікі сэнс у сваёй штодзённай службе", - звярнуўся да новапасвечаных святароў кс. Антоній.
Напрыканцы св. Імшы моладзь памалілася ў інтэнцыі новапрэзбітэраў, якія, у сваю чаргу, удзялілі індывідуальнае бласлаўленне кожнаму ахвотніку.
АМ
Фота: Вольга Сяліцкая