Па традыцыі ў пятніцу перад Пальмовай нядзеляй – сёлета 7 красавіка - вернікі парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча, несучы на плячах крыж, прайшлі вуліцамі Сапоцкіна, разважаючы над мукай і смерцю Езуса Хрыста.
Набажэнства ўжо стала традыцыяй у сапоцкінскай парафіі і збірае шмат удзельнікаў, якія хочуць разам з Езусам перажываць Яго апошнія хвіліны зямнога жыцця. Гэты Крыжовы шлях з’яўляецца таксама своеасаблівым сведчаннем веры, якое даюць жыхары Сапоцкіна, ідучы за крыжом Хрыста.
Разважанні, якія чытала моладзь, заахвочвалі адкрыцца і прыняць Божую волю. Адзначалася, што Божая воля – гэта Божы план, які Ён прадугледзеў для чалавецтва і кожнай асобы. „Божая воля існуе для таго, каб мы ўсе дайшлі да праўды і былі збаўленыя”, - тлумачылі ў разважаннях.
Падчас набажэнства вернікі ўглядаліся ў Езуса Хрыста, які з’яўляецца дасканалым прыкладам прыняцця Божай волі. Ён быў паслушны свайму Айцу да самай смерці, смерці на крыжы.
Таксама падкрэслівалася, што трэба заўсёды імкнуцца распазнаваць Божую волю, пасля чаго прымаць яе і рэалізаваць у сваім штодзённым жыцці. Гэтыя разважанні дапамагалі вернікам задумацца над уласным жыццём і ўсвядоміць праўду, што ўсё сыходзіць ад Бога і з’яўляецца Яго дарам.
Падчас шляху, які, паміж іншым, праходзіў вуліцай св. Яна Паўла ІІ, сярод вернікаў панавала атмасферa малітвы і засяроджання, а тэматычна падабраныя спевы спрыялі рэфлексіі і прыманню пастановаў.
Кс. Юрый Марціновіч