Малітоўная група “У абарону жыцця”, якая хуткімі тэмпамі развіваецца ў Гродне, правяла шэраг набажэнстваў у парафіях Гродзенскай дыяцэзіі.
Перыяд Вялікага посту для ўдзельнікаў малітоўнай супольнасці з’яўляецца вельмі насычаным. Спачатку яны працавалі над разважаннямі Крыжовага шляху Езуса Хрыста, а з 17 сакавіка распачалі евангелiзацыю праз правядзенне гэтага набажэнства ў парафіях Гродна і вобласці.
Прадстаўнікі малітоўнай групы разам з вернікамі рэфлексавалі над мукай Езуса Хрыста. Разважалі над праблемамі абортаў і іх наступствамі, закраналі тэмы дзяцей з асаблівасцямі развіцця, бяздзетных сем’яў, медыцынскага персаналу, бязмежнай Божай любові, прабачэння і служэння.
Жыццё - Божы дар. І толькі Госпад вырашае: жыць або не жыць
Удзельнікі малітоўнай групы ”У аборону жыцця” служаць Богу сваімі малітвамі ў інтэнцыях усіх ненароджаных дзяцей, якія знаходзяцца пад пагрозай аборту; усіх людзей, якія прычыніліся да дзетазабойства, а асабліва медыцынскі персанал і ўлады, каб служылі людзям згодна з запаведзямі Божымі; усіх сямей, якія не маюць дзяцей, каб не адракалiся ад свайго крыжа, а з пакорай у сэрцы прымалі волю Нябеснага Айца.
Кожны ўдзельнік групы моліцца ў вышэйузгаданых інтэнцыях на працягу адной гадзіны ў тыдзень. Застаецца яшчэ шмат свабодных гадзін, таму супольнасць запрашае ўсіх далучыцца да малітвы.
Сустракаецца група кожную першую суботу месяца ў гродзенскім касцёле Божай Міласэрнасці (Вішнявец), дзе ў 18.30 праходзіць адарацыя Найвяцейшага Сакраманту ў інтэнцыі жыцця, пасля чаго адбываецца св. Імша з бласлаўленнем для цяжарных жанчын і тых, хто прагне мець патомства. Пасля св. Імшы ўдзельнікі групы збіраюцца на сустрэчах і малітве, абмяркоўваюць планы на месяц.
Да малітоўнай групы можа далучыцца кожны жадаючы. Больш інфармацыі на гэтую тэму атрымаеце па тэл.: 8 033 6554190 (Аліна).
Ганна Ярмак