8 красавіка сотні маладых людзей і іншыя вернікі Гродна прынялі ўдзел у Крыжовым шляху вуліцамі горада. Шэсце за крыжам - магчымасць перажыць таямніцу мукі і смерці Хрыста - праходзіла ў горадзе ў суботу напярэдадні Пальмовай нядзелі.
Перад распачаццем урачыстай працэсіі ўдзельнікі набажэнства сабраліся на Эўхарыстыі ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя. Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
Падчас казання іерарх заахвоціў прысутных да штодзённага сведчання веры праз словы і ўчынкі. Біскуп Юзаф перад усім засяродзіў увагу вернікаў на неабходнасці пакуты і навяртання.
"Давайце пойдзем за крыжам і пакажам нашаму гораду, што прыйшоў час раскаяцца і знайсці шлях да Бога. Давайце пакажам жыхарам нашага горада, што трэба вярнуцца да Пана, заўсёды ласкавага і міласэрнага", - падкрэсліў іерарх.
Біскуп Юзаф Станеўскі асаблівым чынам заахвоціў маладое пакаленне служыць ясным указальнікам для іх равеснікаў у сучасным свеце. "Пакажыце, што варта пражываць сваё жыццё з Хрыстом і будаваць на ім сваю будучыню. Езус - гэта наш шлях, які вядзе да збаўлення", - дадаў біскуп.
Пасля св. Імшы распачаўся Крыжовы шлях, які праходзіў ад катэдральнага касцёла праз Савецкую плошчу. Завяршылася набажэнства на бернардынскім узгорку, у касцёле Адшукання Святога Крыжа.
Сёлетнія разважанні падчас Крыжовага шляху былі прысвечаны тэме прабачэння. Удзельнікаў набажэнства заклікалі штодзённа вучыцца прабачаць тых людзей, якія прычынілі ім боль. Вучыцца прабачаць, бо нельга адказваць злом на зло. Прабачаць заўсёды ў свабодзе свайго сэрца, каб разарваць ланцуг зла ў сабе і іншай асобе.
Падчас набажэнства да крыжа падыходзілі прадстаўнікі розных парафій, семінарысты, юнакі, якія ўдзельнічалі ў рэкалекцыях распазнання палікання, студэнты з Нігерыі, якія вучацца ва ўніверсітэтах горада. Разважанні да Крыжовага шляху традыцыйна падрыхтавалі маладыя вернікі з Душпастырства старэйшай моладзі і студэнтаў Гродна "Open" пад кіраўніцтвам свайго душпастыра кс. Антонія Грэмзы.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: кл. Томаш Мікалайчык