Адарацыя крыжа адбылася 5 красавіка ў гродзенскім касцёле Св. Францішка Ксаверыя. Вернікі мелі магчымасць паразважаць над тэмай "Наш Бог - Бог любові" і наблізіцца да таямніцы Збаўлення. Адарацыю праводзіла моладзь катэдральнай парафіі.
Велікапоснае набажэнства практыкуецца ў галоўнай святыні горада на працягу апошніх пяці гадоў і штораз збірае вялікую колькасць вернікаў.
Традыцыю ў 2013 годзе ўвёў тагачасны душпастыр парафіяльнай моладзі кс. Віктар Ханька. Адарацыя ў той час праводзілася кожную сераду на працягу велікапоснага перыяду. Асаблівасцю набажэнства былі сведчанні на тэму "Крыж у маім жыцці", якія давалі вернікі і духоўныя асобы.
Даведка:
Маці першага рымскага імператара хрысціяніна - Канстанціна І Вялікага, св. Алена, здзяйсняючы пілігрымку на Святую Зямлю, цудам знайшла крыж, на якім памёр Езус Хрыстус. Жанчына ўшанавала яго і тым самым паклала пачатак традыцыі адарацыі крыжа. Дзякуючы святой культ распяцця распаўсюдзіўся па ўсім свеце, а крыж стаў галоўным хрысціянскім сімвалам.
VS