27 сакавіка ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах адбылося пахаванне кс. Леаніда Несцюка, пробашча мясцовай парафіі. Мноства вернікаў з Беларусі і з-за мяжы развітвалася са святаром, які быў адданым Богу і людзям.
На развітанне з кс. Несцюком, які стварыў “беларускі Нотр-Дам” у Гервятах, прыбылі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, святары з усёй краіны, сёстры законныя і семінарысты.
Паяднаў веру з культурай
Вернікі ўзгадваюць кс. Леаніда як святара, які здолеў паяднаць веру з культурай і прыгажосцю прыроды. Сваім прыкладам штодзённага жыцця ён вучыў, як трэба любіць Бога, Касцёл і навакольнае асяроддзе, не баяўся фізічнай працы, яго часта можна было ўбачыць не толькі ў святарскім адзенні, але і ў звычайнай вопратцы на рамонтных працах у святыні ці на прылеглай тэрыторыі.
Вітаючы ўдзельнікаў пахавальнай літургіі, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч адзначыў: “Нягледзячы на тое, што сёння звычайны дзень, гэтая прыгожая, велізарная святыня напоўнена да краёў, у ёй гучаць словы малітвы і жалобныя спевы”.
“Нас запрасіў святой памяці ксёндз Леанід, які на працягу многіх гадоў рупліва, з поўнай адданасцю служыў Богу і людзям у гэтай парафіяльнай супольнасці, абвяшчаючы Божае слова, удзяляючы святыя сакрамэнты, навучаючы і нагадваючы, даючы сведчанне веры і прыгожага святарскага жыцця”, - сказаў іерарх.
Біскуп заклікаў прысутных да супольнай малітвы ў інтэнцыі кс. Леаніда, які “так раптоўна і, кажучы па-чалавечы, заўчасна адыйшоў з гэтага свету”.
“Няхай удзел у Эўхарыстычнай Ахвяры і наша супольная малітва будуць выразам удзячнасці Пану Богу за дар ксяндза Леаніда, за ўсялякае дабро, якое ён здзейсніў у сваім святарскім жыцці, і за прыгожую памяць, якую пакінуў пасля сябе ў нашых сэрцах”, - дадаў гродзенскі ардынарый.
Святую Імшу, якая цэлебравалася на трох мовах - беларускай, польскай і літоўскай, на якіх традыцыйна моляцца вернікі гервяцкай парафіі, - узначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх у свой час вучыўся з кс. Леанідам Несцюком у адной семінарыі ў Каўнасе.
Згарэў, як свечка на алтары
У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што Бог вызначае межы жыцця кожнага чалавека і дае гэтае жыццё. Іерарх дадаў, што мэтай кожнага чалавека з’яўляецца збаўленне, да якога кожны павінен адпаведна падрыхтавацца на зямлі.
Мітрапаліт нагадаў пра абавязкі святара, які пакліканы да служэння ў Касцёле. Па словах іерарха, ксёндз Леанід Несцюк спаўняў усе гэтыя абавязкі з вялікай адданасцю і самапрысвячэннем.
“Ксёндз Леанід пасля трох пакаленняў атэізацыі на нашых землях узнёс духоўны помнік веры і матэрыяльны помнік у выглядзе адноўленага касцёла з упарадкаванай пры ім тэрыторыяй. Няхай жа ніколі не зарасце да яго сцежка, пратаптаная людзьмі”, - сказаў арцыбіскуп. Іерарх заклікаў усіх вернікаў далей ісці ў гэтую святыню, шукаць тут адказу на турбуючыя іх пытанні, адпачываць тут духам і целам і чэрпаць Божую праўду, без якой сёння нельга жыць.
“Ксёндз Леанід, усім сваім жыццём ты ачышчаў чалавечыя душы ад граху і згарэў для іх увесь, як алтарная свечка”, - сказаў Мітрапаліт Кандрусевіч, выражаючы спачыламу святару ўдзячнасць за працу душпастырскага жыцця.
З вялікай узрушанасцю трывалі на малітве ў інтэнцыі свайго святара вернікі гэтай парафіі. Яны дзякавалі Богу за дар кс. Леаніда, якога ім паслаў у свой час Божы Провід і які стаў для іх сапраўдным айцом і добрым дарадцам у цяжкія хвіліны іх жыцця.
За гэты час, як кажуць вернікі, святар не адзін раз наведваў іх дамы, удзяляў святыя сакрамэнты і для кожнага меў добрае слова і параду.
Найбольш зрабіў для Астравецкага раёна
На заканчэнне літургіі да прысутных звярнуўся намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Свіла, які адзначыў, што толькі пасля смерці мы заўважаем “маштаб асобы, якой ужо няма з намі і якая ўмела з’яднаць людзей розных нацыянальнасцяў і рознага сацыяльнага стану”.
“Мы страцілі свайго паплечніка і партнёра, з якім паспяхова рэалізоўвалі сацыяльныя і культурныя праекты, - сказаў намеснік старшыні райвыканкама. – Ён больш за ўсіх зрабіў, каб Астравецкі раён ведалі ў Беларусі і далёка за яе межамі”. Віктар Свіла дадаў, што гэтая велізарная спадчына, якую ўдалося аднавіць і стварыць у Гервятах, павінна працягваць жыць, і заданне мясцовай улады – захаваць усё гэта.
Алею вакол святыні вернікі ўпрыгожылі кветкамі. Там пранеслі труну з целам спачылага, каб ён мог быццам бы ў апошні раз зірнуць на гэтае хараство, стварэнню якога паспрыяў. Святар быў пахаваны каля касцёла. З вялікім болем у сэрцах і надзеяй на сустрэчу ў вечнасці вернікі закопвалі парэшткі свайго пробашча, які на працягу 21 года служыў у іх парафіі.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: кл. Томаш Мікалайчык