Skip to main content

Аплаткавая сустрэча ў Лідзе

    20 снежня а 11.00 у Лідзе адбылася аплаткавая сустрэча святароў, якія працуюць у нашай дыяцэзіі. Святароў прымала парафія Узвышэння Святога Крыжа, у якой пробашчам кс. Уладзімір Гуляй. Спачатку святары выслухалі канферэнцыю а.Андрэя Шчупалы CSsR, які гаварыў аб ролі малітвы ў святарскім жыцці.
   Айцец Андрэй прыгадаў сабраным фрагменты рэферата Ксяндза Кардынала Зянона Грахалеўскага, з якім Яго Эмінэнцыя выступіў падчас сёлетняга візіту ў Гродне. Пасля канферэнцыі кожны святар удзельнічаў у адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Пасля малітоўнага засяроджвання адбылася аплаткавая сустрэча, якую ўзначаліў кс.бп Аляксандр Кашкевіч. Ад імя ўсіх прысутных святароў з пажаданнямі звярнуўся кс.Уладзімір Гуляй, які з’яўляецца біскупскім вікарыем лідскай акругі. Сустрэча закончылася ўрачыстым абедам. Наступная аплаткавая сустрэча святароў нашай дыяцэзіі адбудзецца 21 снежня ў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі.