Skip to main content

У Геранёнах адбылося адкрыццё адноўленага абраза святога Юзафа

gieraniony abraz 718 сакавіка ў парафіі Святога Мікалая, біскупа, у Геранёнах адбылося адкрыццё адноўленага абраза святога Юзафа. Узначаліў святую Літургію і прамовіў Божае слова да вернікаў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

На пачатку парафіяльнай урачыстасці святарамі быў адкрыты абраз святога Юзафа, які знаходзіцца ў бакавым алтары касцёла.

gieraniony abraz 1

На пачатку гаміліі біскуп звярнуўся да геранёнскіх парафіян са словамі аб Вялікім посце: “Цяпер перажываем перыяд Вялікага посту. Гледзячы на людзей, якія былі разам з Хрыстом на Крыжовым шляху, хочам вучыцца ад іх той любові, пакоры і прабачэнню, якія мелі яны ў сваіх сэрцах”.

Асноўны акцэнт іерарх зрабіў на асобу, якая сабрала ў касцёле геранёнскіх вернікаў, – святога Юзафа, апекуна Святой Сям’і. “Глядзім на святога чалавека, які ў Бібліі не сказаў ніводнага слова, але сваім прыкладам жыцця і ўчынкаў паказаў вернасць у служэнні Богу”, – адзначыў дапаможны біскуп.

gieraniony abraz 2

“Сённяшняе Евангелле паказвае нам Юзафа, да якога Бог дакрануўся праз сон: ён устаў і не пакінуў сваю жонку. Таксама і мы ў штодзённым жыцці маем патрэбу ў Божым дотыку, каб па-сапраўднаму адчуць сябе Божым дзіцём, Божым абраннікам. Маем патрэбу ў доказе таго, што ў жыцці я паступаю правільна, згодна з Божай воляй”, - сказаў іерарх.

“Аднаўленне абразоў у касцёле (паўгода таму быў урачыста адкрыты адноўлены абраз Маці Божай Чэнстахоўскай) з’яўляецца захаваннем памяці нашых продкаў. Трэба прыходзіць і моўчкі глядзець у вобраз святога Юзафа, як калісьці рабілі нашыя дзядулі і бабулі”, - дадаў біскуп.

Напрыканцы гаміліі іерарх заклікаў вернікаў быць тымі, праз якіх Бог прыходзіць да іншага чалавека: “Мы павінны арыентавацца на святога Юзафа, каб быць праўдзівымі сведкамі Божай любові”.

З нагоды дня імянін біскуп атрымаў шчырыя словы віншаванняў ад геранёнскіх вернікаў.

gieraniony abraz 3

gieraniony abraz 4

Заканчэннем парафіяльнай урачыстасці стала сумесная малітва ля абраза святога Юзафа ў інтэнцыі ўсёй геранёнскай парафіі.

gieraniony abraz 6

Анастасія Мішкура