16 сакавіка ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце ў рамках дзён філалагічнага факультэта адбыўся круглы стол “Хрысціянства і самасвядомасць сучаснага чалавека”.
Удзельнікамі круглага стала былі студэнты і выкладчыкі філалагічнага, педагагічнага факультэтаў, факультэтаў эканомікі і кіравання, матэматыкі і інфарматыкі, гісторыі, камунікацыі і турызму.
Сярод запрошаных гасцей былі каталіцкія і праваслаўныя святары горада Гродна. Вядучымі круглага стала былі дацэнт кафедры філасофіі педагагічнага факультэта Сняжана Сямернік і аспірантка філалагічнага факультэта Вольга Агапонава.
У ліку найбольш актыўных арганізатараў сустрэчы – прадстаўнікі філалагічнага факультэта: намеснік дэкана па выхаваўчай працы Святлана Мардзечка, загадчык кафедры беларускага і супастаўляльнага мовазнаўства Алена Садоўская, а таксама іерэй Ігар Данільчык.
Падчас сустрэчы актыўна абмяркоўваліся пытанні веры сучаснага чалавека, яго найбольш важныя сацыяльныя і духоўныя патрэбы, разглядалася роля хрысціянства ў фарміраванні самасвядомасці асобы.
У прыватнасці, было адзначана, што па колькасці вернікаў сёння ў свеце хрысціяне складаюць большасць – 32 %. У той жа час удзельнікі дыскусіі звярнулі ўвагу на такую праблему, як несупадзенне дэклараванай канфесійнай прыналежнасці і сапраўднай веры як асаблівага стану душы чалавека, паспрабавалі высветліць прычыны гэтага несупадзення.
У ходзе сустрэчы былі таксама ўзняты пытанні веры і нявер’я, ролі хрысціянства ў змястовым напаўненні маральных норм, якія існуюць у грамадстве, разгледжаны наступствы страты хрысціянскай нарматыўнасці для развіцця сучаснага соцыуму.
Меркаванні моладзі, прымаючай удзел у працы круглага стала, падзяліліся. Некаторыя казалі, што рэлігія сёння не патрэбна, бо яна ўжо нямодная, не сучасная і з’яўляецца пэўнага роду стагнацыяй. Таксама адзначалі, што рэлігія абмяжоўвае чалавечыя інстынкты і стварае бар’еры ў многіх рэчах. У той жа час многія іншыя маладыя людзі сцвярджалі, што рэлігія дапамагае атрымаць душэўны супакой і вельмі патрэбная людзям; што без Бога – шлях у нікуды. Казалі, што, калі народ адмаўляецца ад Бога, гэта вядзе да дэградацыі народа і чалавецтва.
Вялікі інтарэс прысутных выклікалі бліц-выступленні прадстаўнікоў духавенства: каталіцкіх святароў – прэфекта Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Віталія Сідоркі і кс. каноніка Яна Кучынскага, пробашча катэдральнага касцёла св. Францішка Ксаверыя ў Гродне, і праваслаўных святароў – кіраўніка моладзевага аддзела Гродзенскай епархіі протаіерэя Вячаслава Гаплічніка, клірыка Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора протаіерэя Уладзіміра Пятручыка, а. Ігара Данільчыка, іерэя Свята-Барыса-Глебскай Каложскай царквы.
Святары падкрэслілі, што рэлігія накіроўвае чалавека ў патрэбнае рэчышча, каб жыць у гармоніі з Богам. Яны заахвоцілі, каб маладыя людзі прасвятлялі свой розум і пазнавалі сапраўдную гісторыю хрысціянства, у прыватнасці і на нашых землях.
Таксама святары адзначылі, што Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква адкрыты на дыялог і гатовы яго весці.
Актыўны ўдзел у дыскусіі прыняла дэкан філалагічнага факультэта Іна Лісоўская, доктар філасофскіх навук, якая звярнула ўвагу на бесперспектыўнасць жыццёвай пазіцыі чалавека, які арыентуецца на забыццё духоўных каштоўнасцяў.
Загадчыца кафедры рускай і замежнай літаратуры прафесар Таццяна Аўтуховіч, кандыдат філалагічных навук, раскрыла праблему значнасці пытанняў веры ў жыцці знакамітых людзей (Умберта Эка і інш.).
Прафесар кафедры філасофіі педагагічнага факультэта Алег Раманаў, доктар філалагічных навук, даў змястоўны аналіз гістарычнай дынамікі грамадства з пункту гледжання ўзрастання і ўпадку ў ім духоўна-рэлігійнай накіраванасці індывідуальнай і грамадскай свядомасці і паказаў уплыў гэтых тэндэнцый на актуальны стан грамадства на розных этапах яго існавання.
На завяршэнне прысутныя адзначылі плённасць і неабходнасць падобных сустрэч і выступілі з прапановай працягнуць дыялог па пытаннях духоўнага стану грамадства ў будучыні.
JM