Skip to main content

Рэліквіі благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі ўнесены ў парафіяльную святыню ў Зарачанцы

zaraczanka relikwii 112 сакавіка рэліквіі благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі былі ўнесены ў парафіяльную святыню ў Зарачанцы (Баля Касцёльная). Унясенне рэліквій адбылося на заканчэнне велікапосных рэкалекцый у парафіі, падчас якіх удзельнікі разважалі над тым, што трэба рабіць, каб душа пасля смерці магла жыць вечна.

З гэтага дня мясцовыя вернікі будуць мець магчымасць праз заступніцтва благаслаўлёнага святара давяраць Богу свае інтэнцыі і справы Касцёла.

zaraczanka relikwii 9

Рэліквіі былі ўнесены на пачатку святой Імшы. Пробашч парафіі кс. Віктар Мыслюк адзначыў, што такім чынам парафіяльная супольнасць абрала сабе яшчэ аднаго апекуна і даручана штодзённай апецы благаслаўлёнага Міхала. Святар дадаў, што рэліквіі з’яўляюцца дарам дапаможнага біскупа Беластоцкай архідыяцэзіі Генрыка Цярэшкі.

Ксёндз Юрый Марціновіч, які сёлета праводзіў рэкалекцыі ў парафіі, адзначыў у гаміліі, што благаслаўлёнаму кс. Міхалу Сапоцьку мы вельмі ўдзячныя ў пашырэнні культу Езуса Міласэрнага. Па словах святара, менавіта дзякуючы ўдзелу кс. Сапоцькі быў напісаны абраз Езуса Міласэрнага, заснавана Супольнасць Сясцёр Езуса Міласэрнага, пачаліся клопаты па ўстанаўленні свята Божай Міласэрнасці, публікацыя дакладаў і малітваў у гонар Божай Міласэрнасці, распаўсюджванне паслання аб любові Бога да чалавека.

zaraczanka relikwii 7

„Ксёндз Сапоцька не толькі словам, але і справай паказваў, што Бог ёсць любоў. Ён быў чалавекам глыбокай малітвы, а таксама вёў шырокую дзейнасць. Нягледзячы на шматлікія перашкоды, імкнуўся да ўвасаблення ў жыццё форм культу, давераных Езусам сястры Фаўстыне, аднак заўсёды быў паслухмяны святому Касцёлу”, - сказаў кс. Юрый Марціновіч.

Імша, у якой удзельнічалі шматлікія парафіяне і госці, завяршылася ўшанаваннем рэліквій.

Ксёндз Міхал Сапоцька быў спаведніком святой сястры Фаўстыны Кавальскай, а таксама заснавальнікам Супольнасці Сясцёр Езуса Міласэрнага. Быў беатыфікаваны 28 верасня 2008 г. у санктуарыі Божай Міласэрнасці ў Беластоку (Польшча). Яго літургічны ўспамін прыпадае на дзень яго смерці – 15 лютага.

zaraczanka relikwii 15

JM

Фота: Аліцыя Габіс