Skip to main content

Начное чуванне ў парафіі ў Карэлічах: “Мая Мама Каралева!”

maryja 1З 7 на 8 сакавіка ў парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах адбылося начное чуванне. Дэвізам чування былі словы “Мая Мама Каралева!”.

Чуванне мела характар падзякі з нагоды 300-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Чэнстахоўскай. У гэтай парафіі шмат гадоў служаць айцы з Закону святога Паўла – першага пустэльніка (паўліны). Яны распаўсюджваюць культ Чорнай Мадонны і з’яўляюцца вартаўнікамі Яе цудатворнага абраза ў Чэнстахове (Польшча).

maryja 5

maryja 3

Для паўлінаў 2017 год з’яўляецца Годам 300-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Чэнстахоўскай. У гэты юбілейны год узгадваецца першая каранацыя папскімі дыядэмамі выявы Панны Марыі Яснагорскай 8 верасня 1717 г., што было таксама першай такой цырымоніяй па-за Рымам.

Выява Багародзіцы на Яснай Гары, якая акружана пашанай больш за 600 гадоў, - адзін з найважнейшых рэлігійных і матэрыяльных скарбаў Яснай Гары, духоўнай сталіцы не толькі Польшчы, бо яна ўяўляе сабой галоўны цэнтр гэтага культу і пілігрымавання вернікаў з усяго свету, у тым ліку і з Беларусі.

Удзельнікі чування ў Карэлічах пад кіраўніцтвам пробашча а. Юрыя Саковіча OSPPE асаблівым чынам маліліся да Найсвяцейшай Панны Марыі аб міры ў свеце і ў кожнай сям’і, жадаючы на пачатку Вялікага посту вучыцца ў Маці Божай вернасці Езусу ў трыванні пад штодзённым крыжам жыцця.

maryja 4

maryja 6

“Хочам быць жывой каронай Марыі, жывымі каштоўнасцямі хвалы Бога, якая засноўваецца на прыняцці канкрэтнага духоўнага абавязку – напрыклад, споведзі пасля многіх гадоў, паяднання з кімсьці пасля доўгага канфлікту, пастановы адмаўлення ад алкаголю або іншай грэшнай прывязанасці, пастановы штодзённа маліцца Ружанец, чытаць Святое Пісанне ці іншыя духоўныя чытанні”, - адзначыў а. Юрый Саковіч.

“Гэта мы ўтвараем жывую карону Марыі. Наша аблічча, а ў ім усё наша жыццё і наша гісторыя напісана на тварах. Нашы жаданні, перажыванні, шчасце і цярпенні бачныя ў нашых вачах. Хочам быць абліччам Марыі! Хочам знайсці ласку ў Бога Айца!” – дадаў святар.

kareliczy

Кс. Юрый Марціновіч