5 сакавіка Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр наведаў манаскі дом Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта. Іерарх сустрэўся з законнымі сёстрамі ў 17-ю гадавіну беатыфікацыі 11 назарэтанак з Навагрудка.
Навагрудскія мучаніцы былі забіты 1 жніўня 1943 г. нямецкімі акупатантамі падчас ІІ Сусветнай вайны. 5 сакавіка 2000 г. яны былі беатыфікаваны Папам Янам Паўлам ІІ у Рыме. Іх літургічны ўспамін адзначаецца 4 верасня.
Арцыбіскуп Габар Пінтэр падзякаваў манахіням, чыім харызматам з’яўляецца найперш клопат аб сям’і, за іх адданае служэнне Касцёлу на Гродзеншчыне і ва ўсёй Беларусі. Іерарх падзякаваў і за малітву кожны дзень у інтэнцыі Святога Айца Францішка, а таксама ў інтэнцыі сем’яў нашай краіны.
Сёстры назарэтанкі ў сваю чаргу распавялі Апостальскаму Нунцыю аб сваім штодзённым служэнні жыхарам горада Гродна і аб сваёй супольнасці. Быў час таксама на размовы і сумесную гарбату.
Кс. Юрый Марціновіч